Лаўроў і Мінабароны РФ «пасварыліся»
- 30.12.2025, 9:26
- 5,314
Дзіўная матэматыка ад Крамля.
Учора, 29 снежня, міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў заявіў, што рэзідэнцыю расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна на Валдаі нібыта атакавалі ўкраінскія дроны, але нават паведамленні Мінабароны РФ гэта абвяргаюць.
На гэту супярэчнасць звярнулі ўвагу ўкраінскія і расійскія Telegram-каналы, піша (Диалог.UA https://www.dialog.ua/russia/326320_1767061086).
Першапачаткова Мінабароны РФ заявіла, што ў ноч на 29 снежня расійская супрацьпаветраная абарона нібыта збіла над тэрыторыяй РФ 89 украінскіх БПЛА, з іх 49 — над тэрыторыяй Бранскай вобласці, а 18 — над тэрыторыяй Наўгародскай вобласці. Пазней Лаўроў выступіў з заявай пра тое, што ўначы 29 снежня расійская супрацьпаветраная абарона нібыта збіла 91 украінскі дрон, якія атакавалі дзяржаўную рэзідэнцыю расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна ў Наўгародскай вобласці.
Міністр замежных спраў РФ таксама сказаў, што «Расія ў адказ на атаку на рэзідэнцыю Пуціна перагледзіць сваю перамоўную пазіцыю». Ён паведаміў, што Расія «пакідае за сабой права адказнага ўдару па Украіне».
Такім чынам, заявы Мінабароны РФ і Лаўрова супярэчаць адна адной, да таго ж жыхары Валдая, дзе знаходзіцца рэзідэнцыя Пуціна, не чулі выбухаў, пішуць расійскія Telegram-каналы.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на сваёй старонцы ў Facebook назваў фэйкам заявы Крамля пра тое, што ўкраінскія дроны нібыта атакавалі рэзідэнцыю Пуціна на Валдаі. На яго думку, Масква такім чынам спрабуе сарваць усе дасягненні Украіны і ЗША ў перамовах аб спыненні вайны. Украінскі лідар лічыць, што новы фэйк расійскай прапаганды служыць апраўданнем для новых удараў арміі РФ па Украіне, а таксама для адмовы ад спынення вайны.
Новы крэмлёўскі фэйк пачалі распаўсюджваць адразу пасля сустрэчы прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам, якая адбылася 28 снежня ў Фларыдзе. На гэтай сустрэчы абмяркоўвалі план спынення вайны Расіі супраць Украіны. Паводле слоў Трампа, перамовы былі добрымі, і бакі «блізкія да пагаднення».