Беларусь завальваюць расійскай каўбасай
11- 30.12.2025, 11:33
- 2,878
На долю нашай краіны прыпала прыкладна 14% усіх паставак.
Беларусь зайняла другое месца сярод найбуйнейшых імпарцёраў расійскай гатовай мясной прадукцыі. Пра гэта паведамілі ў Telegram-канале «Аграэкспарт».
У перыяд са студзеня па кастрычнік 2025 года Расія экспартавала каля 77 тысяч тон каўбасных вырабаў на суму звыш 233 мільёнаў долараў.
На долю Беларусі прыпала прыкладна 14 працэнтаў усіх паставак (для параўнання: за аналагічны перыяд мінулага года гэты паказчык складаў 11 працэнтаў). У грашовым вымярэнні рэспубліка набыла прадукцыі прыблізна на 35 мільёнаў долараў, што адпавядае каля 10 тысячам тон.
Хто аказаўся лідарам
Значна апярэдзіў Беларусь Казахстан, які стаў найбуйнейшым пакупніком расійскай каўбаснай прадукцыі. Аб’ём паставак у гэтую краіну ацэньваецца прыкладна ў 120 мільёнаў долараў.
Трэцяе месца заняла Саудаўская Аравія з паказчыкам каля 17 мільёнаў долараў. Далей ідуць Азербайджан (14 мільёнаў долараў) і Кіргізстан (11 мільёнаў долараў).
За апошнія дзесяць гадоў экспарт расійскіх каўбас павялічыўся больш чым у тры разы, а геаграфія паставак пашырылася да 80 краін.