Прасочванне расіян у Гуляйполі заблакавана
1- 30.12.2025, 11:50
- 2,018
Украінскія вайскоўцы зачышчаюць горад ад расійскай пяхоты.
Штурмавыя падраздзяленні Сіл абароны Украіны заблакавалі шляхі, якімі вайскоўцы РФ прасочваліся ў Гуляйполі Запарожскай вобласці. Пра гэта распавёў «Суспільному» камандзір 1-га асобнага штурмавога палка Дзмітрый Філатаў з пазыўным «Перун».
«На дадзены момант усе лагістычныя маршруты, якія былі ў ворага, якія ён выкарыстоўваў для прасочвання, заблакаваныя. У урбанізаванай зоне, вядома, дастаткова месцаў, каб хавацца, але на тых участках, дзе выяўляецца праціўнік, ужо дакладна ніхто не паслабляе пільнасці і ўвагі, і вораг знішчаецца на 100%», — падкрэсліў ён.
Паводле яго слоў, украінскія вайскоўцы зачышчаюць горад ад расійскай пяхоты, якая раней туды прасочылася.
Філатаў адзначыў, што цяпер у Сіл абароны Украіны дастаткова асабовага складу, каб стрымліваць расіян, аднак застаецца пытанне матываванасці асобных падраздзяленняў.
«Гэта ўсё ўлічваецца старэйшым камандаваннем, і яно прымае пэўныя меры па перагрупоўцы, у тым ліку і ў звёнах кіравання, пераназначае зоны адказнасці. То бок спрабуе праводзіць не толькі стабілізацыйныя мерапрыемствы, але і меры адміністрацыйнага характару, якія палепшаць устойлівасць у кіраванні пэўнымі падраздзяленнямі», — адзначыў Філатаў.