У Бабруйскім раёне з пасткі выратавалі рысяня
4- 30.12.2025, 13:14
- 2,410
Маладай жывёле жаночага полу зрабілі аперацыю.
У Бабруйскім раёне падчас палявання без ружжа ў вяровачную пастку для адлову куніцы трапіла рысь. Яе перабіла лапу, жывёле зрабілі аперацыю. Пра гэта піша komkur.info.
Усё адбылося ўдзень 28 снежня ў раёне вёскі Мальева. У пастку трапіла маладое рысяня васьмі месяцаў. Асоба жаночага полу.
Паляўнічы, які знайшоў рысь, паведаміў пра здарэнне ў Бабруйскую міжраённую інспекцыю аховы расліннага і жывёльнага свету. Прадстаўнікі інспекцыі, спецыялісты па дзікіх жывёлах, выехалі на месца. У іх прысутнасці жывёлу вызвалілі з пасткі, пасадзілі ў клетку і прывезлі ў ветэрынарную клініку да вядомага бабруйскага ветэрынара Грыгорыя Белягова.

Лекар дыягнаставаў у рысяняці пералом правай пярэдняй лапы — наступствы траплення ў пастку. Жывёле правялі аперацыю. Яна прайшла паспяхова, пад наглядам жывёла правядзе два-тры дні.

Як паведаміў начальнік Бабруйскай гаррайінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Анатоль Грыб, па заканчэнні ветэрынарнага назірання рысь размесцяць у заапарк гарадскога пасёлка Акцябрскі Гомельскай вобласці. Спецыяліст растлумачыў, што выпускаць у натуральнае асяроддзе жывёлу небяспечна.
— Рысь паспее прывыкнуць да чалавека і будзе, не баючыся, заходзіць у населеныя пункты, — адзначыў Грыб.
Экалогі разглядалі і варыянт змяшчэння звера ў Магілёўскі заасад. Але там аказаліся не гатовыя прыняць жывёлу.
Нагадаем, паляванне на рысь у Беларусі было пад забаронай каля 40 гадоў і дазволена заканадаўствам з 2025 года «ў сувязі з ростам колькасці рысі ў асобных рэгіёнах краіны» — так тады заяўлялі ў Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.
Паляванне на гэтую жывёлу дазваляецца ў Віцебскай (15 раёнаў), Гомельскай (14 раёнаў), Гродзенскай (2 раёны) і Мінскай (8 раёнаў) абласцях.
У Бабруйскім раёне забарона на паляванне на рысь працягвае дзейнічаць. У мінулым годзе рысь ужо трапляла ў пастку. Але тады абышлося без пашкоджанняў, таму жывёлу выпусцілі назад у лес.