Туск: ЗША гатовыя накіраваць ва Украіну вайскоўцаў
- 30.12.2025, 17:46
- 2,008
У межах гарантый бяспекі.
Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў у аўторак, 30 верасня, што Злучаныя Штаты згадзіліся ўдзельнічаць у гаранцыях бяспекі для Украіны і пасля дасягнення мірнага пагаднення накіраваць сваіх вайскоўцаў на расійска-ўкраінскую мяжу або лінію судакранання.
Пра гэта Туск распавёў па выніках перамоваў з лідарамі ключавых еўрапейскіх краін, прэм'ер-міністрам Канады, кіраўнікамі еўрапейскіх інстытутаў і генеральным сакратаром НАТА. Яго словы прыводзіць радыёстанцыя RMF 24.
Паводле слоў кіраўніка польскага ўрада, падчас сустрэчы была дадзена ацэнка вынікам першага этапу «вельмі сур'ёзных перамоваў, у якіх узялі ўдзел лідары Украіны, Еўропы, ЗША і Канады».
Туск выказаў меркаванне, што мірнае ўрэгуляванне ўжо віднеецца на гарызонце і можа быць дасягнута на працягу найбліжэйшых тыдняў.
Ён падкрэсліў, што падставай для такіх чаканняў стала амерыканская дэкларацыя аб гатоўнасці ўдзельнічаць у забеспячэнні гарантый бяспекі для Украіны пасля заключэння мірнага пагаднення.
«Уключаючы прысутнасць амерыканскіх войскаў, напрыклад, на мяжы або на лініі судакранання паміж Украінай і Расіяй. Падобныя даволі адназначныя заявы прагучалі ўпершыню. Пабачым, наколькі паслядоўнымі акажуцца нашы партнёры па той бок Атлантыкі», — адзначыў прэм'ер-міністр Польшчы.