Беларусы ўсё больш жывуць у крэдыт
1- 30.12.2025, 18:14
Запазычанасці насельніцтва перад банкамі абнавілі гістарычны максімум.
Запазычанасці насельніцтва перад банкамі перавысілі 29,4 млрд рублёў. Гэта вынікае з даных Нацбанка.
За студзень — лістапад гэтага года банкі выдалі насельніцтву новых крэдытаў на 14,7 млрд рублёў. Гэта менш, чым за аналагічны перыяд 2024-га (тады было амаль 15 млрд).
У той жа час агульная сума, якую беларусы павінны па пазыках, на 1 снежня бягучага года склала 29,4 млрд рублёў. Пры гэтым даўгі па спажывецкіх крэдытах на пачатак гэтага месяца дасягнулі адзнакі ў 11,6 млрд рублёў. Гэта амаль на 2 млрд больш, чым у снежні мінулага года. Агульная сума запазычанасці па фінансаванні куплі нерухомасці на 1 снежня 2025-га склала амаль 17,8 млрд. За год рост — на 1,9 млрд.
У той жа час Нацбанк адзначае, што банкі актыўна працавалі з насельніцтвам па крэдытах, а з бізнесам — менш. За год павялічылася ўдзельная вага даўгавых аперацый з фізічнымі асобамі, а ўдзельная вага крэдытаў і іншых патрабаванняў да беларускіх кампаній скарацілася.
Якія апасенні мае рэгулятар з-за пазыкаў насельніцтва
У Нацбанка выклікаюць апасенні высокія тэмпы росту крэдытавання насельніцтва. Рэгулятар лічыць, што гэта «можа стварыць пагрозу для фінансавай і цэнавай стабільнасці».
21 сакавіка кіраўнік Нацбанка Раман Галоўчанка заявіў, што рэгулятар занепакоены ростам спажывецкага крэдытавання, якое часам ідзе на шкоду фінансаванню бізнесу, і гатовы ўмяшацца ў сітуацыю, калі гэта спатрэбіцца.
Тым часам эксперты ўказваюць на перакосы ў эканоміцы, у тым ліку на схаваную інфляцыю, і бачаць перадумовы для аслаблення нацвалюты.
Нагадаем, Цэнтрабанк Расіі 25 ліпеня панізіў ключавую стаўку — гэта аналаг стаўкі рэфінансавання ў Беларусі — да 18% гадавых. Эканамістка Анастасія Лузгіна прагназуе, што на гэтым фоне расійскі рубель можа паступова аслабнуць адносна долара, а следам — і беларуская нацвалюта.