Куды адправіцца ў Мінску пасля бою курантаў
4- 30.12.2025, 18:33
- 1,480
Навагодняя афіша начных гулянняў ва ўсіх раёнах сталіцы.
Перадсвяточны дзень — выдатны час не толькі для пакупак у апошні момант, але і для складання планаў на навагоднюю ноч. Не хочацца сядзець дома пасля бою курантаў, даядаючы леташнія салаты? Тады раім апранацца цяплей (сіноптыкі абяцаюць маразы) і пракладаць маршрут, піша Onlíner.
Традыцыйна святочную праграму арганізуюць каля Палаца спорту: мінчукоў запрашаюць на «Чароўную навагоднюю ноч». Свята пачнецца 31 снежня а 23:45, а скончыцца а 4-й раніцы ўжо 1 студзеня. Але ехаць у цэнтр неабавязкова, бо мерапрыемствы арганізуюць ва ўсіх раёнах сталіцы.
Заводскі раён
Навагодняе начное гулянне «Заводскі Новы год!» арганізуюць адразу ў трох лакацыях: побач з «Чыжоўка-Арэнай», каля басейна «Волат» і Палаца дзяцей і моладзі «Золак». Мерапрыемствы пачнуцца а 01:00.
Ленінскі раён
Канцэрт «Няхай свята ўсім падорыць цуд!» пачнецца а 01:00 і працягнецца дзве гадзіны. Лакацыі: пляцоўкі перад кінатеатрам «Салют» і Мінскім гарадскім палацам культуры.
Маскоўскі раён
Праграма «Вітаем, Новы год!» таксама пачнецца а першай ночы; патанцаваць запрашаюць у Брылевічах (вул. Я. Чачэта, 25) і ў скверы «Палянка» (вул. К. Лібкнехта). Яшчэ адна святочная лакацыя — парк імя Паўлава, дзе 1 студзеня мінчукоў будуць чакаць аж да 3-й ночы.
Кастрычніцкі раён
На плошчы культурна-спартыўнага цэнтра «Мінскае аддзяленне БЧ» з 01:00 да 03:00 адбудзецца праграма «Запрашаем у Новы год». У гэты ж час ля пляцоўкі каля ТЦ «Еўраопт Super» абяцаюць дыскатэку «Навагодні карагод». Яшчэ адна лакацыя для свята — мікрараён «Сокал».
Партызанскі раён
Праз паўгадзіны пасля надыходу Новага года мінчукоў запрашаюць у парк экстрэмальных відаў спорту. Тут свята працягнецца да 3-й ночы.
Першамайскі раён
З першай ночы мінчукоў запрашаюць да Нацыянальнай бібліятэкі, а таксама на дыскатэкі на вул. Русіянава, 1, вул. Фогеля, 1, і вул. Герояў 120-й дывізіі, 15.
Савецкі раён
Раённая святочная праграма «У рытме Новага года» разгорнецца каля Камароўкі. Пачатак — а 01:00.
Фрунзенскі раён
Тут святы арганізуюць каля Лядовага палаца Мінскай вобласці і ў парку Уга Чавеса. На абедзвюх лакацыях святочныя мерапрыемствы пачнуцца а 00:30.
Цэнтральны раён
Сустрэць 2026-ы запрашаюць на пляцоўцы каля Палаца дзяцей і моладзі. Тут праграма стартуе а 01:00 і працягнецца да 02:30.
А што з транспартам?
З поўначы і да 5-й раніцы даехаць да раённых гулянняў і нават паспець вярнуцца дадому можна і грамадскім транспартам. Падрабязны расклад наземных маршрутаў і інтэрвалы можна знайсці па спасылцы.
Метрапалітэн у навагоднюю ноч будзе прымаць пасажыраў да 04:00. Станцыі «Няміга», «Кастрычніцкая» і «Купалаўская» (выхад да праспекта Незалежнасці) закрыюцца на ўваход а 04:15. Інтэрвал руху цягнікоў з 00:00 да 04:00 1 студзеня 2026 года на 1-й і 2-й лініях метро складзе 6 хвілін, на 3-й лініі — 8,5 хвіліны.