Зяленскі: Расія не хоча ніякага рэферэндуму ва Украіне
4- 30.12.2025, 21:05
- 2,002
Масква пастаянна будзе «знаходзіць прычыны, каб не было спынення агню».
Расія не хоча, каб Украіна праводзіла рэферэндум наконт умоў заканчэння вайны. Пра гэта прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў 30 снежня ў адказ на анлайн-пытанне журналістаў, паведамляе карэспандэнт выдання «Гордон».
«Ці абмяркоўвалі мы парадак правядзення рэферэндуму і якая пазіцыя расіян адносна рэферэндуму? [...] Расія не хоча ніякага рэферэндуму. І гэта абсалютна зразумела, чаму. Па-першае, для рэферэндуму патрэбная бяспека. Яны не хочуць даваць нам бяспеку, cease fire (спыненне агню. – Заўв.) для людзей да таго часу, пакуль не будуць вырашаныя нейкія пытанні», — сказаў Зяленскі.
Прэзідэнт Украіны прагназуе, што Масква пастаянна будзе «знаходзіць прычыны, каб не было спынення агню».
Ён падкрэсліў, што рэферэндум без бяспечнай інфраструктуры правесці немагчыма.
«Яны таксама разумеюць, што, калі рашэнне будзе прынята парламентам — хоць я не супраць, каб рашэнне было прынята парламентам, — [...] яны заўсёды потым могуць сказаць, абвінаваціць, што гэта быў нелегітымны парламент, што ён працаваў больш за пяць гадоў і гэтак далей», — лічыць Зяленскі.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ў той жа час немагчыма назваць нелегітымным рашэнне народа Украіны.
«Таму што не можа быць нелегітымнага народа Украіны, — растлумачыў Зяленскі. — А ён у нас адзін — адзіны народ Украіны. І рашэнне грамадзян Украіны я лічу самым галоўным».
Ён адзначыў, што падтрымка парламента або рэферэндум — «гэта два розныя падыходы».