Гучнае рабаванне ў Германіі: з банка скралі 30 млн еўра наяўнымі і золатам
4- 30.12.2025, 23:09
- 4,182
Рабаўнікі праніклі ў сховішча праз суседні паркінг.
У горадзе Гельзенкірхен на захадзе Германіі, у федэральнай зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія, невядомыя вынеслі з аддзялення банка Sparkasse каля 30 млн еўра. Пра гэта паведаміла інфармагенцтва AFP.
Рабаўнікі праніклі ў сховішча, дзе знаходзіліся сейф-скрынкі кліентаў банка, праз суседні паркінг, прасвідраваўшы дзірку ў бетоннай сцяне.
Яны адкрылі больш за 3000 сейф-скрынак і скралі грошы, золата, каштоўнасці і іншыя рэчы на суму прыблізна 30 млн еўра.

Паліцыя кажа, што злачынства было прафесійна спланавана, і нападнікі маглі прабыць унутры некалькі дзён, пакуль банк быў зачынены на час калядных святаў.
Рабаванне адбылося ў панядзелак, аднак вядома пра яго стала пазней.
Каля 16:00 па мясцовым часе 29 снежня ў банку спрацавала пажарная сігналізацыя, пасля чаго туды прыбылі пажарныя і паліцыянты. Яны выявілі дзірку ў сцяне і разрабаванае сховішча.
Сведкі распавялі, што на выхадных бачылі некалькі мужчын, якія неслі аб'ёмныя сумкі ў гараж непадалёк. На відэа з камер назірання ў гаражы зафіксавана некалькі чалавек у масках ва ўгнанай машыне.
Гэта рабаванне можа быць адным з найбуйнейшых у гісторыі Германіі.