Le Monde: Расіяне супярэчаць самі сабе
- 31.12.2025, 5:53
- 1,642
У Францыі не бачаць доказаў «украінскай атакі» на рэзідэнцыю Пуціна.
Няма пераканаўчых доказаў, якія пацвярджаюць «атаку» украінскіх дронаў на рэзідэнцыю дыктатара РФ Уладзіміра Пуціна. Затое эскалацыя і інтэнсіўнасць расійскіх удараў па Украіне сведчаць пра падрыў намаганняў міжнародных перамоў.
Пра гэта ў аўторак, 30 снежня, выданню Le Monde паведаміла крыніца, блізкая да атачэння прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона.
«Няма ніякіх важкіх доказаў у пацвярджэнне сур'ёзных абвінавачанняў, выстаўленых расійскімі ўладамі, нават пасля перакрыжаванай праверкі інфармацыі з нашымі партнёрамі», — сказала крыніца.
Адзначаецца, што расійскія ўлады супярэчаць самі сабе адносна таго, што менавіта адбылося.
«Працяг і ўзмацненне расійскіх удараў само па сабе з'яўляецца актам непадпарадкавання мірнай павестцы дня прэзідэнта Дональда Трампа», — дадала крыніца.