Гісторыя жыцця Андрэя Пятрова
2- 31.12.2025, 10:59
- 1,302
Пісьменніца Югася Каляда — пра легендарнага маладзёжнага лідара.
Да дня памяці Андрэя Пятрова, былога сапстаршыні «Маладога Фронту», аднаго з заснавальнікаў руху супраціву «Зубр», пісьменніца Югася Каляда (Яўгенія Парашчанка) узгадвае часы вялікіх імкненняў і цяжкіх выпрабаванняў для іх пакалення:
— Сёння, 30 снежня, — роўна год без Андрэя. Толькі праз год у мяне назбіраліся сілы напісаць нешта змястоўнае ў памяць пра яго. Справа нават не ў тым, што пры асабістай страце кожны ўспамін крае сэрца без нажа. Той час, калі Андрэй дзейнічаў як палітычны актывіст, — гэта час балюча ўзгадваць у прынцыпе.
Я маю на ўвазе выбарчую кампанію 2001 года і дзень выбараў — 9 верасня. Але калі распавядаць, то трэба браць шырэй: канец дзевяностых — пачатак нулявых.
Андрэй Пятроў (як і я; як і мае найбліжэйшыя сябры, і ўвесь мой круг зносін на той час) належаў да хвалі маладзёжнага актывізму, народжанай пратэстамі 1996 года — «Гарачай мінскай вясной»: з масавымі акцыямі, масавымі затрыманнямі, крывавым збіццём пратэстоўцаў, перавернутай машынай міліцыі… На той самай хвалі, спачатку як ініцыятыва дапамогі затрыманым, узнікла, напрыклад, вядомая цяпер праваабарончая арганізацыя «Вясна» (спачатку яна называлася «Вясна-96»); а моладзь у Мінску самаарганізавалася і заснавала «Малады Фронт», які вельмі хутка ахапіў усю Беларусь; і ў верасні 1997 года МФ арганізаваў устаноўчы з’езд. Каб зразумець маштаб: на ўстаноўчым з’ездзе МФ выступаў, напрыклад, Сямён Шарэцкі. […]
Андрэй Пятроў быў з тых, хто ўвайшоў у кіраўніцтва «Маладога Фронту»; фактычна, адным з заснавальнікаў. Я знайшла і нумар «Маладзёжнага весніка» з артыкулам Ромы Кавальчука — пра падзеі з’езду, з пералікам усіх галасаванняў і спрэчак; і фотаздымкі з першага з’езду; і нават фота Шарэцкага за трыбунай — і Пятрова ў прэзідыуме. […]
Пратэсты 96 года выклікалі вялікі ўздым, вялікія надзеі на хуткія перамены; на «маладых» ускладалі вялікія надзеі «старыя апазіцыянеры»; проста ўявіце сабе залу палаца «Сукно», поўную моладзі з усёй Беларусі; я таксама была б абнадзееная.

Час ішоў (такім элегантным эліпсам я абмалявала ўсю сваю маладосць з мільёнам падзей); перамены самі па сабе не адбываліся; (затое адбываліся забойствы Захаранкі і Ганчара); і натуральна, што ўсе нашы чаканні былі скіраваныя на наступныя прэзідэнцкія выбары, якія мусілі адбыцца ў канцы 2001 года. Здавалася, ну вось тады!… Людзі зноў выйдуць на вуліцы, паўторыцца 96-ы год… Уся наша актывісцкая дзейнасць была, па сутнасці, падрыхтоўкай да выбарчай кампаніі-01. І чым бліжэй быў 2001 год, тым мацней разгараліся жарсці і павышаўся градус дыскусій — а як менавіта нам змяніць уладу?
І калі старэйшыя спрачаліся вакол пытання «Дамаш ці Ганчарык», то ў «Маладом Фронце» таксама ішла барацьба — у якой форме праводзіць перадвыбарчую агітацыю, як і да каго звяртацца.
Калі я кажу «барацьба», я не перабольшваю. Занадта вялікімі былі чаканні ад 2001 года. Тады здавалася, што гэта — рэальны шанец на перамены, бо калі тая старана пайшла на палітычныя забойствы, значыць, мы мусім адказаць супрацівам як мінімум, а наогул — перамагчы. Пакараць забойцу.
Таму ў «Маладом Фронце» за форму выбарчай кампаніі ішла рэальная барацьба, якую можна нават назваць расколам. Я цяпер не буду падрабязна апісваць тыя падзеі па асобах — іх удзельнікі, у адрозненне ад Андрэя, жывыя і могуць самі пра іх распавесці. Я толькі адзначу, што з-за немагчымасці кампрамісу з кіраўніцтва «Маладога Фронту» выйшлі Андрэй Пятроў і яшчэ некалькі чалавек; і заснавалі сваю арганізацыю. Гэтая арганізацыя называлася «Зубр».
Гісторыя «Зубра» — найбольш гучнай, найбольш яркай і, бадай, самай вялікай і папулярнай у Беларусі арганізацыі (ці руху), амаль ніяк не зафіксаваная для гісторыі.
У Вікіпедыі пра «Зубра» ёсць толькі невялікая нататка, якая ні пра што не гаворыць; а знайсці ў інтэрнэце фота налепак «Время выбирать» немагчыма. Тым больш з адкрытых крыніц немагчыма даведацца, што да заснавання «Зубра» мае непасрэднае дачыненне Андрэй Пятроў.
Я разумею, чаму так. Не таму, што ніхто не парупіўся запісаць храналогію па асобах. А таму, што менавіта так і знікае гісторыя ў несвабодным грамадстве. Бо нават у гэтым пасту я не буду пазначаць нікога з іншых удзельнікаў «Зубра». Хачу вырваць з бяспамяцтва і вярнуць у гісторыю таго, хто ўжо сам гэтага зрабіць не можа.
«Зубр», заснаваны ў студзені 2001 года, вельмі імкліва папаўняў свае рады па ўсёй Беларусі. Я не памятаю, ці быў у Гомелі актыўны філіял «Маладога Фронту», але колькасцю новых твараў у нашым «Зубры» (адкуль яны толькі ўзяліся! Здавалася, я ў Гомелі ўсіх ведаю) я была ўражаная.
Кампанію, якую пачаў «Зубр», называлі і «агрэсіўнай», і «шкоднай» (бо «зубры» малявалі графіці, «а гэта псуе тынкоўку і выклікае злосць людзей»), і «рэкламнай, а не палітычнай» — за яркія вялікія налепкі.
О, гэтыя налепкі! Памятаеце іх? Падзеленыя на дзве часткі «Время выбирать». Іх было столькі, што калі я ў 2012 годзе ў Мінску забірала ў жж-супольнасці «Отдам даром» пісьмовы стол, дык ён быў абклеены тымі самымі налепкамі — як мой уласны стол з бацькоўскага дома.
Можаце сабе ўявіць, наколькі складана было ў 2001 годзе, без інтэрнэту, без сацсетак, дабрацца ў кожны горад, у кожны дом, да кожнага чалавека? Дык вось, «Зубр» здолеў гэта зрабіць.
Але галоўнай прэтэнзіяй да «Зубра» з боку былых аднадумцаў было пытанне мовы. Напэўна, менавіта мова выбарчай кампаніі стала прычынай расколу «Маладога Фронту». Надпісы на налепках былі па-руску. Рускую мову прынцыпова абралі — беларускамоўныя заснавальнікі «Зубра» — каб дайсці да моладзі, не ўцягнутай у палітычны супраціў, які тады меў выразны нацыянальна-вызвольны характар. А ўжо потым, прыйшоўшы да ўлады, вырашаць палітычныя пытанні ў дэмакратычным парадку.
Я яшчэ раз хачу адзначыць, наколькі высокімі былі ў нас чаканні ад 2001 года. Не толькі ў «Зубра» — у ўсіх. Я ў «Зубры» не ўдзельнічала. Памятаю, улетку я была на семінары ў Кіеве; і ўкраінскія ўдзельнікі здзіўляліся: «Няўжо для вас гэтыя выбары такія важныя? Дык чаму?»
Як жа — чаму? Мы сапраўды спадзяваліся, што такі неслыханы ўздым пратэстнай актыўнасці зменіць уладу! Па сутнасці, мы чакалі 2020 года.
Асобна хачу адзначыць, якую вялікую стаўку зрабіў менавіта Пятроў. Ён пайшоў на канфлікт і сыход з арганізацыі, ім заснаванай, — з «Маладога Фронту»; стварыў рух, які ашаламіў маштабам і новымі формамі супраціву ўсіх — і «старую апазіцыю», і «рэжым».