Які падатак на кватэры налічаць беларусам за 2026 год?
3- 31.12.2025, 11:59
- 2,130
Для некаторых ён вырасце ў 2–3 разы.
Міністэрства фінансаў наглядна паказала, як для беларусаў павысіцца падатак на нерухомасць пасля змяненняў падатковага заканадаўства ў 2026 годзе. Павышэнне чакае «шчаслівых» уладальнікаў прасторных кватэр і дамоў — павышальныя каэфіцыенты прывязалі да плошчы жылля. Ведамства падзялілася прыблізнымі сумамі на прыкладзе сталіцы і Мінскага раёна — рэгіёнаў з самымі высокімі цэнамі на нерухомасць.
З 1 студзеня 2026 года падатак на нерухомасць вялікіх «квадратаў» «падаражэе» ўдвая, а то і ўтрая. Усё будзе залежаць ад агульнай плошчы дома або кватэры:
падвойны тарыф — для дамоў больш за 200 м² і кватэр ад 150 м²,
патройны тарыф — для дамоў больш за 300 м² і кватэр ад 250 м².
Напрыклад, уладальніку прасторнай «трохпакаёўкі» ў нейкім сталічным ЖК у 180 «квадратаў» па старых правілах налічылі б усяго 196 рублёў падатку, а ўжо ў наступным годзе на гэты артыкул выдаткаў давядзецца закласці ў сямейным бюджэце значна большую суму — 392 рублі.
Уладальнікам самых «тлустых» дамоў і кватэр у Мінску, паводле падлікаў Мінфіна, давядзецца выкласці ў 2027 годзе (менавіта тады беларусы пачнуць плаціць па новых тарыфах з павышальнымі каэфіцыентамі) усе 905 рублёў, а ў Мінскім раёне — 725–762 рублёў.
