Пуцін з гнілым селядцом
3- Тарас Сідаржэўскі
- 31.12.2025, 12:46
- 6,644
Стары прыём з метадычак спрацаваў.
Прыём «гнілага селядца» спрацаваў бездакорна. Нагадаю, сутнасць гэтага старога прыёму з метадычак КДБ зусім не ў тым, каб даказаць віну ахвяры, а ў тым, каб прымусіць усіх абмяркоўваць сам інцыдэнт. Механіка аперацыі простая і надзейная, як швейцарскі гадзіннік: даказваць нічога не трэба — досыць забрудзіць прастору. Кінуць да ног свету «селядзец», які так смярдзіць, што ўсе пачынаюць хмурыцца і гаварыць пра яго.
Менавіта так і атрымалася з быццам бы атакай дронаў на рэзідэнцыю Пуціна. Вось ужо другі дзень першыя ўсур'ёз спрабуюць разабрацца, праўда гэта ці не — падымаюць разведку, глядзяць спадарожнікі і інш.; другія па змаўчанні сталі на абарону абылганай ахвяры, ведаючы, што ад расіян праўды няма чаго чакаць, а трэцім з нейкіх прычын зручна падтрымліваць хлусню.
Мы назіраем класічную пастаноўку ў тэатры ваенна-палітычнага гротэску. Крэмль заяўляе пра напад, якога не бачылі ні спадарожнікі, ні відавочцы. Дарэчы, Пяскоў ужо абвясціў, што ніякіх доказаў і не будзе — быццам усё збілі, навошта паказваць. А вось Le Monde, спасылаючыся на крыніцы ў асяроддзі Макрона, суха канстатуе: ніякіх доказаў няма, а паказанні расійскага боку супярэчаць адно аднаму.
Але ў сучасным свеце, дзе постпраўда стала галоўнай валютай, адсутнасць доказаў — толькі дробная тэхнічная нязручнасць для тых, хто хоча верыць у хлусню або цынічна яе падтрымліваць.
Падобна, Трампу — галоўнай мэце гэтага прадстаўлення — яшчэ зранку ў той жа дзень праехаліся па вушах. І падчас сустрэчы, якая Украіны і не датычылася, — з Нетаньягу, — у сухім астатку атрымалася, што на ўвесь свет прагучаў намёк, што вінаватая Украіна. Маўляў, не дарэчы спрабаваць забіць Пуціна падчас кульмінацыі мірных перамоваў. Можа, Украіна і не спрабавала і ўсё гэта няпраўда, сказаў Трамп, але калі праўда, дык гэта дрэнна.
Цудоўна ж! Папаўся, галубок, абмазаўся гнілым селядцом. І свет абмазаў.
Але што яшчэ горш, гуляючы ў «салідарнасць» з Пуціным з-за выдуманых удараў, Трамп дэ-факта дае Крамлю карт-бланш на любую эскалацыю. Што, падаецца, і ёсць мэтай аперацыі разам з тармажэннем перамоваў.
Непрыемна здзівіла рэакцыя Індыі з яе асаблівай пазіцыяй адносна вайны. Нарэндра Модзі сцёр скупую слязу спачування над некранутым дахам пуцінскай рэзідэнцыі і выказаў занепакоенасць, такім чынам на самым высокім узроўні падтрымаўшы расійскі ўкід. Калі прэм’ер-міністр такой магутнай дзяржавы, як Індыя, выказвае «глыбокую занепакоенасць» з-за выдуманай атакі, ён не проста памыляецца. Ён удзельнічае ў легітымацыі фантома.
Пры гэтым Модзі маўчыць, калі пасля прылётаў расійскіх ракет дзясяткі ўкраінцаў аказваюцца пахаванымі жыўцом. Яго гэта не турбуе…
Вердыкт Украіне ўжо вынесены ў кабінетах прапаганды. І тое, што самога «злачынства» не існавала ў прыродзе, ужо нікога не цікавіць.
Як трапна заўважыў Андрэй Сібіга, Расія заўсёды абвінавачвае іншых у тым, што плануе зрабіць сама. Гэта яшчэ адна старая КДБаўская методыка перакладання адказнасці. Калі сёння свет паверыць у «напад на рэзідэнцыю», то заўтра ён моўчкі праглыне ўдар па «цэнтрах прыняцця рашэнняў» у Кіеве, які Масква назаве «адплатай».
Год таму, у навагоднюю ноч, яны ўдарылі «шахедамі» па ўрадавым квартале — трапілі ў Дом пісьменнікаў і ў жылы дом за некалькі сотняў метраў ад АП. Тады загінулі людзі, але свету было абыякава — усе святкавалі. Што ім перашкаджае ўдарыць яшчэ раз і чымсьці больш сур’ёзным? Гэтыя людаеды ж любяць традыцыі.
Тарас Сідаржэўскі, «Главред»