Брытанія і Нарвегія створяць флот для адсочвання падводных лодак РФ
- 4.12.2025, 9:59
- 1,370
Сталі вядомыя падрабязнасці пагаднення.
Вялікабрытанія і Нарвегія рыхтуюцца падпісаць абарончае пагадненне. Яно прадугледжвае стварэнне сумеснага ваенна-марскога флоту для адсочвання расійскіх падводных лодак у Паўночнай Атлантыцы.
Пра гэта паведамляе The Independent.
Падрабязнасці пагаднення
Мэта пакта — абараніць падводныя інтэрнэт-кабелі і трубаправоды, якія сталі больш уразлівымі з-за росту расійскай актыўнасці.
Паводле інфармацыі брытанскага Міністэрства абароны, за апошнія два гады колькасць расійскіх караблёў каля Вялікабрытаніі вырасла на 30%.
Падпісаць дакумент плануюць падчас сустрэчы прэм'ера Кіра Стармера з кіраўніком урада Нарвегіі Ёнасам Гарам Стёрэ на вайсковай базе ў Шатландыі.
Пагадненне атрымала назву «Lunna House Agreement» у гонар гістарычнай базы на Шэтландскіх астравах. Асновай пакта з'яўляецца кантракт на будаўніцтва ваенных караблёў коштам 13,3 млрд долараў.
Новы флот і яго задачы
Як адзначаецца ў артыкуле, новыя караблі павінны забяспечыць кантроль за перамяшчэннямі расійскага флоту ў водах паміж Грэнландыяй, Ісландыяй і Вялікабрытаніяй.
Яны будуць абараняць падводныя кабелі і трубаправоды, якія з'яўляюцца ключавымі для сістэм сувязі, энергазабеспячэння і паставак газу.
У межах пагаднення Вялікабрытанія таксама далучыцца да нарвежскай праграмы стварэння базавых караблёў для беспілотных сістэм супрацьміннай і падводнай вайны.
Стратэгічнае значэнне
Акрамя таго, брытанскія марскія пяхотынцы будуць праходзіць трэніроўкі ў Нарвегіі для дзеянняў у складаных зімовых умовах, а краіны пашыраць супрацоўніцтва па выкарыстанні тарпед Sting Ray і правядзенні сумесных вучэнняў.
Асобным напрамкам стане развіццё аўтаномных сістэм НАТА на Крайнім Поўначы.
Прэм'ер-міністр Кір Стармер падкрэсліў важнасць новага партнёрства.
«У гэты час глыбокай глабальнай нестабільнасці, калі ў нашых водах з'яўляецца ўсё больш расійскіх караблёў, мы павінны супрацоўнічаць з міжнароднымі партнёрамі дзеля абароны нашай нацыянальнай бяспекі. Гэта гістарычнае пагадненне з Нарвегіяй узмацняе нашу здольнасць абараняць мяжы і крытычную інфраструктуру, ад якой залежаць нашы краіны», — падкрэсліў ён.
Таксама паведамляецца, што каралеўскі флот атрымае сучасныя нарвежскія марскія ўдарныя ракеты, здольныя паражаць мэты на адлегласці больш за 100 міль.