Археолагі знайшлі таямнічую магілу з загадкавымі рытуальнымі прадметамі
1- 4.12.2025, 17:20
- 3,840
Яе ўзрост — больш за 3,5 тысячы гадоў.
Археолагі абвясцілі пра ўнікальнае адкрыццё ў пустэльні Баюда ў Судане — ізаляванае пахаванне перыяду Старога Куша II (каля 2050–1750 гг. да н.э.), якое можа праліць святло на малавядомыя пахавальныя традыцыі культуры Керма. Вынікі даследавання апублікавала каманда пад кіраўніцтвам доктаркі Монікі Бадуры у часопісе Azania: Archaeological Research in Africa.
Магілу знайшлі ў аддаленай частцы Баюды, размешчанай паміж выгібам Ніла. Там археолагі выявілі астанкі мужчыны 30–40 гадоў, ростам каля 164 см, які меў прыкметы цяжкай фізічнай працы і магчымага дэфіцыту харчавання або захворвання.
Побач з ім былі знойдзеныя дзве гліняныя пасудзіны, 82 блакітныя фаянсавыя пацеркі, фрагменты керамікі, сляды вогнішча і абвугленыя косткі жывёл у збане, што можа сведчыць пра рытуал пахавальнага піра.
Адна з пасудзін была пастаўленая дном уверх — традыцыйны сімвал «апаражнення жыцця» ў культуры Керма. Другая — збан са слядамі агню, насякомымі, копролітамі і жывёльнымі косткамі — увогуле не мае аналагаў.
«Мы не ведаем ні аднаго іншага падобнага прыкладу ў культуры Керма, — растлумачыў доктар Генрык Панер. — Гэта робіць знаходку ўнікальнай і загадкавай».
Археолагі мяркуюць, што гэта можа быць матэрыяльным пацвярджэннем рытуалу з выкарыстаннем агню або пахавальнага піра.