У Афрыцы знайшлі сляды старажытнай ізаляванай галіны чалавецтва
- 4.12.2025, 20:39
- 3,406
Яна існавала 1400 гадоў таму.
Група навукоўцаў пад кіраўніцтвам калег з Упсальскага ўніверсітэта ў Швецыі ўстанавіла, што на поўдні Афрыкі 1400 гадоў таму існавала старажытная і надзвычай ізаляваная галіна Homo sapiens. Вынікі даследавання апублікаваныя ў часопісе Nature.
Міжнародная каманда секвенавала поўныя геномы 28 старажытных людзей, якія жылі на тэрыторыі сучаснай Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі ад 10,2 тысячы да 1,5 тысячы гадоў таму. Аналіз шасці найякаснейшых геномаў паказаў: насельніцтва поўдня Афрыкі, што існавала да 1400 гадоў таму, адносілася да самастойнай і амаль цалкам ізаляванай генетычнай лініі, якая не захавалася ў чыстым выглядзе ў сучасных людзей.
Паводле разлікаў даследчыкаў, продкі гэтай групы аддзяліліся ад астатніх Homo sapiens прыкладна 300-240 тысяч гадоў таму — у эпоху з’яўлення найстаражытнейшых скамянелых рэшткаў прадстаўнікоў нашага віду. Аўтары мяркуюць, што папуляцыя жыла ў кліматычным рэфугіі — так называюць участак зямной паверхні або Сусветнага акіяна, дзе від або група відаў можа перажыць неспрыяльны для іх перыяд геалагічнага часу.
Паводле слоў вучоных, кліматычны рэфугій забяспечваў старажытнай галіне выжыванне нават у перыяды рэзкага апустыньвання рэгіёна. Такое працяглае існаванне ў ізаляцыі лічыцца нетыповым для чалавечых папуляцый.
Генетыкі таксама выявілі 79 мутацый у важных участках геному, якія лічыліся агульнымі для ўсіх сучасных людзей. Гэтыя варыянты захаваліся ў старажытных жыхароў поўдня Афрыкі, але былі страчаныя ў іншых лініях. Яны звязаныя з асаблівасцямі імунітэту, працы нырак і развіцця нервовай сістэмы. Паводле слоў аўтараў, гэта абвяргае ідэю пра фіксаваны «набор» генаў, якія вызначаюць кагнітыўныя здольнасці Homo sapiens.
Дадаткова даныя паказваюць на аднабаковы паток генаў з поўдня Афрыкі на поўнач каля васьмі тысяч гадоў таму: прыкметы змешвання знайшлі ў старажытных геномах Малаві і Замбіі. Зваротнага руху ў той перыяд не выяўлена, што нагадвае ціхую экспансію невялікіх груп з перанаселенага рэфугію ў больш спрыяльныя рэгіёны.