5 снежня 2025, Пятніца, 5:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кіпр: Украіна будзе прыярытэтам старшынства ў Радзе ЕС

Кіпр: Украіна будзе прыярытэтам старшынства ў Радзе ЕС

Еўропа цвёрда стаіць на баку Кіева.

Прэзідэнт Кіпра Нікос Хрыстадулідзіс запэўніў, што Украіна будзе галоўным прыярытэтам падчас старшынства Кіпра ў Радзе Еўрапейскага саюза. Гэты перыяд пачнецца ў студзені 2026 года, калі роля старшыні Рады ЕС паводле ротацыі перайдзе да Кіпра ад Даніі. Хрыстадулідзіс у чацвер, 4 снежня, наведаў з візітам Кіеў, дзе сустрэўся з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, перадае DW.

«Еўропа цвёрда стаіць на баку Украіны. І Украіна будзе галоўным прыярытэтам старшынства Кіпра (падчас старшынства ў Радзе ЕС. — Рэд.)», — адзначыў прэзідэнт Кіпра ў сацыяльных сетках пасля сумеснай прэс-канферэнцыі з украінскім калегам.

Хрыстадулідзіс падкрэсліў, што Кіпр «на ўласным досведзе разумее разбуральныя наступствы ўварвання і акупацыі», маючы на ўвазе ўварванне на востраў турэцкіх войскаў у 1970-х гадах і захоп імі паўночнай часткі Кіпра.

«Я абмеркаваў з прэзідэнтам Зяленскім апошнія падзеі ва Украіне і нашу дарожную мапу для прагрэсу ў перамовах аб уступленні Украіны (у ЕС. — Рэд.) і адкрыцці перагаворных раздзелаў падчас старшынства Кіпра», — дадаў прэзідэнт.

На прэс-канферэнцыі Хрыстадулідзіс запэўніў Зяленскага, што ўрад і народ Кіпра не толькі салідарныя з Украінай і падтрымліваюць яе, але і выдатна разумеюць, «што такое пераадольваць шлях да сяброўства ў ЕС».

Прэзідэнт Украіны Зяленскі, са свайго боку, выказаў падзяку Кіпру за падтрымку. «Гэта датычыць, у прыватнасці, перамоваў аб сяброўстве Украіны ў Еўрапейскім саюзе. Мы разлічваем, што бліжэйшыя месяцы прынясуць больш прагрэсу для шляху Украіны ў ЕС, і кіпрскае старшынства можа стаць гістарычным з пункту гледжання адкрыцця перагаворных раздзелаў для Украіны і іншых неабходных рашэнняў», — растлумачыў Зяленскі, словы якога прыводзіць прэс-служба Афіса прэзідэнта.

Ён таксама адзначыў важнасць таго, што візіт Хрыстадулідзіса адбываецца напярэдадні кіпрскага старшынства ў Радзе ЕС: «Мы ўспрымаем сённяшні візіт і як знак падтрымкі Украіны, і як знак нашай далейшай сумеснай гатоўнасці працаваць разам дзеля абодвух нашых дзяржаў, дзеля ўсёй Еўропы».

Прэзідэнт Украіны выказаў падзяку за тое, што Кіпр падтрымлівае санкцыйную палітыку ў дачыненні да Расіі, і нагадаў, што Еўрапейскі саюз працуе над 20-м санкцыйным пакетам.

«Будзем удзячныя Кіпру за далейшую сумесную працу з намі і ўсімі еўрапейцамі ў дачыненні да расійскага танкернага флоту і расійскіх схем абыходу санкцый. Разлічваем на падтрымку Кіпрам сумесных еўрапейскіх рашэнняў у дачыненні да расійскіх актываў», — выказаў надзею Зяленскі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках