У Еўропу ідзе гістарычная «снежаньская спёка»
3- 5.12.2025, 10:03
- 3,712
Яе ўплыў адчуюць і беларусы.
У бліжэйшыя дні Еўропу ахопіць «гістарычная снежаньская спёка», піша тэлеграм-канал пра надвор'е Nadvorie са спасылкай на даныя сэрвісу ўліку экстрэмальных тэмператур. Тым часам у Белгідрамеце беларусам абяцаюць воблачныя, але цёплыя выхадныя.
Як піша Nadvorie, «надзвычай цёплае паветра перасячэ Еўропу з паўднёва-захаду на паўночны ўсход з тэмпературамі вышэй за +10°С і нават вышэй за +15°С».
«Спёка дойдзе таксама да Скандынавіі. Чакаецца сотня, калі не тысяча паведамленняў пра рэкордныя тэмпературы паветра з усяго кантынента», — перадае тэлеграм-канал.
У Белгідрамеце абяцаюць цёплыя выхадныя. У суботу будзе воблачна з праясненнямі і пераважна без ападкаў. Толькі месцамі на паўночным захадзе краіны пройдуць нязначныя ападкі, у асноўным дождж. Уначы і раніцай на асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра мінімальная ўначы -2.+5°С, максімальная ўдзень 0.+7°С.
Уначы 7 снежня будзе воблачна. Уначы пераважна без ападкаў, удзень месцамі па краіне пройдуць ападкі (дождж, мокры снег). У асобных раёнах чакаюцца слабы туман і галалёд, на дарогах галалёдзіца.
Тэмпература паветра мінімальная ўначы -5.+2°С, максімальная ўдзень -2.+4°С.
Раней у Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды параілі беларусам не чакаць уласцівага зіме марозу і снегападаў. У ведамстве адзначылі, што снежань, «працягваючы лістападаўскія традыцыі, пачнецца з камфортнага восеньскага надвор'я», а тэмпературны рэжым і далей будзе перавышаць сярэднія шматгадовыя значэнні на 1−4 градусы.