Прамую лінію з Кадыравым перанеслі з-за сур'ёзных праблем са здароўем
- 5.12.2025, 15:44
- 2,314
Гэта пацвердзілі крыніцы з атачэння кіраўніка Чачні.
Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў не можа правесці штогадовую прамую лінію з жыхарамі рэспублікі з-за пагаршэння стану здароўя, паведамілі «Вёрстцы» дзве крыніцы, блізкія да яго атачэння, і кіраўнік чачэнскага апазіцыйнага руху «Адат» Ібрагім Янгулбаеў.
«Зваліўся наш падышах. Спадзяюся, і не ўстане. Шакалы забегалі, але пакуль нічога адмяняць не будуць, проста пераносяць [прамую лінію]», — сказаў адзін з суразмоўцаў выдання. Паводле слоў Янгулбаева, цяпер Кадыраў на кропельніцах, бо апошнім часам яму стала рэзка дрэнна.
«Але магу сказаць, што яны ўсё роўна зробяць прамую лінію, калі нічога [непрадбачанага] не здарыцца. Медыкі яго рыхтуюць, проста з-за стану здароўя адклалі», — сказаў Янгулбаеў. Ён таксама дадаў, што інфармацыя пра хваробу Кадырава — сакрэтная, і ніхто дакладна не ведае, чым хворы кіраўнік рэспублікі.
Да гэтага крыніцы «Новай газеты. Еўропа» казалі пра яго праблемы з ныркамі, а таксама пра некроз падстраўнікавай залозы. Паводле інфармацыі Янгулбаева, у Кадырава першапачаткова былі праблемы са страўнікам, а яго асабісты лекар Эльхан Сулейманаў спецыялізаваўся на анкалогіі.
У сакавіку 2023 года нямецкае выданне Bild паведаміла, што да Кадырава з-за яго праблем з ныркамі з Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў выклікалі лекара Ясіма Ібрагіма Эль-Шахата, загадчыка нефралагічнага аддзялення бальніцы Бурджыль у Абу-Дабі. Паводле даных сэрвісу AirNav Radar, з канца лістапада да пачатку снежня асабісты бізнэс-джэт Кадырава здзейсніў некалькі рэйсаў у ААЭ. Першы, 27 лістапада, адбыўся з Грознага ў Абу-Дабі. На наступны дзень самалёт прыляцеў у Дубай, пасля чаго вылецеў назад у Грозны. 29 лістапада борт зноў вылецеў са сталіцы Чачні ў Абу-Дабі, а вярнуўся толькі 4 снежня.
На гэтым фоне чачэнскія СМІ апошнія некалькі тыдняў публікуюць падобныя анонсы пра «маштабную падрыхтоўку» да прамой лініі, але ў іх, у адрозненне ад рэлізаў іншых губернатараў, пакуль няма даты і часу мерапрыемства, піша «Вёрстка». У апазіцыйнай чачэнскай арганізацыі Niyso адзначылі, што апошні раз Кадырава бачылі падчас прыезду ў рэспубліку амерыканскага байца UFC Джона Джонса. На відэа са сустрэчы ў Кадырава прыкметныя ацёкі на твары, а размаўляе ён са сваім госцем павольней і цішэй, чым звычайна падчас публічных мерапрыемстваў.
«На працягу года ён перыядычна знікае з публічнай прасторы менавіта з-за здароўя. [Затым] яго адкачваюць і прыводзяць у «прыдатны» стан. Тут тая ж сітуацыя. Калі змогуць падлечыць і падрыхтаваць яго, то прамую лінію правядуць. Калі не, то проста зробяць выгляд, што ніякай лініі і не планавалася», — заключылі ў Niyso.