Ці варта беларусам баяцца ўспышкі птушынага грыпу
- 6.12.2025, 9:32
- 2,028
Ён мутуе з жахлівай хуткасцю.
Нядаўна ў ЗША чалавек памёр ад рэдкага штаму птушынага грыпу H5N5. Тым часам у іншых краінах ужо расце трывога адносна таго, што вірусы, якія паражаюць птушак, могуць сур'ёзна пагражаць людзям. Напрыклад, некалькі гадоў таму ў Кітаі памерла жанчына ад H3N8 — на той момант гэта таксама быў першы выпадак для гэтага падтыпу. Аднак сапраўдная небяспека — H5N1, адзначаюць у Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Ён мутуе з жахлівай хуткасцю, «падманвае» імунітэт і ўсё бліжэй падбіраецца да людзей, пачынаючы заражаць ссавцоў і выклікаць успышкі хваробы сярод жывёл, піша «Зеркало».
У нашай краіне пра ўспышкі птушынага грыпу афіцыйна не паведамлялася. Аднак у 2023 годзе ўрад абмежаваў экспарт птушкі ва ўсе краіны, акрамя Кітая, пры гэтым адзначыўшы, што «няма ніякіх праблем з захворвальнасцю птушкі», у тым ліку з высокапатагенным птушыным грыпам. Афіцыйнай прычынай абмежавання ўлады тады называлі неабходнасць насыціць попыт унутры краіны.
Тым часам расійскае выданне «Коммерсант» са спасылкай на крыніцы паведаміла, што рэальнай прычынай усё ж магла быць успышка птушынага грыпу на некаторых фабрыках. Нягледзячы на заявы чыноўнікаў, што абмежаванне ніяк не звязана з вірусам, Беларусь была дададзеная ў міжнародныя спісы рэгіёнаў з высокапатагенным птушыным грыпам якраз у 2023 годзе.
Са свайго боку Еўрапейскае агенцтва па бяспецы харчовых прадуктаў адзначае, што дзікія птушкі актыўна разносяць H5N1 па рэгіёнах свету, і сітуацыя ў Еўропе (уключаючы Беларусь) выклікае занепакоенасць.
— З 6 верасня па 14 лістапада 2025 года ў Еўропе істотна вырасла колькасць выпадкаў птушынага грыпу сярод дзікіх птушак — выявілі 1443 заражаныя птушкі ў 26 краінах, што ў чатыры разы больш, чым годам раней, і гэта рэкордны ўзровень з 2016 года, — тлумачаць эксперты.
Звяртаецца ўвага і на тое, што пераважная большасць выпадкаў (99%) прыпадала менавіта на вірус H5N1, пры гэтым большасць з іх звязаная з новай варыяцыяй раней цыркулюючага штаму. Ён быў завезены ў Еўропу з усходу і затым хутка распаўсюдзіўся на захад.
У Навукова-даследчым інстытуце гігіены, таксікалогіі, эпідэміялогіі, вірусалогіі і мікрабіялогіі дадаюць, што ў чалавека гэты вірус можа выклікаць хваробу, якая працякае ў розных формах: ад лёгкай інфекцыі верхніх дыхальных шляхоў (павышаная тэмпература і кашаль) да хуткага развіцця цяжкай пнеўманіі, сіндрому вострай дыхальнай недастатковасці, шоку і нават смерці.
— Страўнікава-кішачныя сімптомы, такія як млоснасць, ваніты і дыярэя, часцей за ўсё рэгіструюцца ў людзей, інфікаваных гэтым вірусам, — удакладняюць яны.
Першапачатковыя сімптомы звычайна ўключаюць высокую тэмпературу (ад 38°C) і кашаль. Некаторыя пацыенты і пацыенткі паведамляюць пра дыхавіцу і цяжкасць дыхання. Боль у горле або насмарк сустракаюцца радзей.