6 снежня 2025, Субота, 22:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Адправіла падарунак, а яна выдаліла старонку»

3
«Адправіла падарунак, а яна выдаліла старонку»

Беларусы скардзяцца на падман пры ўдзеле ў ініцыятыве «Сакрэтны Санта».

Напярэдадні зімовых святаў у сацыяльных сетках набірае папулярнасць гульня «Сакрэтны Санта». Незнаёмыя людзі дамаўляюцца абменьвацца падарункамі, каб стварыць навагодні настрой. Аднак для некаторых беларусаў удзел у такіх актыўнасцях сёлета абярнуўся расчараваннем: адправіўшы пасылкі, яны сутыкнуліся з блакіроўкамі, а ў некаторых выпадках — з падманам.

«Зеркало» пачытала абмеркаванні ў сетцы Threads.

Некаторыя карыстальнікі, якія вырашылі парадаваць незнаёмцаў, прызнаюцца, што іх чаканні не спраўдзіліся. Маці з Гродна распавяла, як адправіла падарунак чужому дзіцяці, спадзеючыся, што і яе дачка ўзамен таксама атрымае сюрпрыз.

— Але нічога няма. Магчыма, хтосьці адправіць бліжэй да Новага года, а можа, і не. Затое я парадавала хлопчыка і яго маму, мне зусім не было шкода грошай, але хацелася, каб дачушка таксама нешта атрымала, — дзяліцца жанчына.

У каментарыях іншыя карыстальнікі адказалі, што таксама сутыкаліся з падобным: «Аналагічная сітуацыя. Крыўдна за вас».

У некаторых выпадках гаворка ідзе не проста пра неабавязковасць, а пра наўмысны падман. Адна з карыстальніц распавяла пра такі досвед.

— Адправіла падарунак дзяўчыне, яна забрала, абяцала скінуць код [для атрымання падарунка ў адказ], а сёння ўсе старонкі выдаленыя, перапіска ў Telegram таксама, — абураецца пацярпелая. — Мне не шкода, і я ад чыстага сэрца выбірала падарунак, але на душы цяпер так мутарна.

У каментарыях высветлілася, што, верагодна, тая ж жанчына падманула і іншых. У нітцы абмеркавання гэтай тэмы паведамілі: «Учора ёй выдалілі Instagram з-за вялікай колькасці скаргаў».

Арганізатары падобных актыўнасцяў пацвярджаюць сумную статыстыку. Адна з дзяўчат, што праводзіла такую акцыю, напісала:

— З 20 удзельнікаў восем не выслалі падарункі і проста зніклі. З тых часоў я не веру ў такія мерапрыемствы.

Бываюць накладкі і пры асабістых дамоўленасцях. Майстрыня, што стварае лялькі, дамовілася пра абмен з іншай рамесніцай: падарунак за талерачкі. Яна падрыхтавала сюрпрыз і спрабавала сустрэцца ў Мінску, каб перадаць яго асабіста, але калега проста перастала чытаць паведамленні, хоць працягвала публікаваць сторыс.

Адзначым, што ўдзел у падобных акцыях у сацсетках можа ствараць рызыкі для бяспекі. Дамаўляючыся пра абмен, карыстальнікі часта пакідаюць свае персанальныя даныя ў адкрытым доступе. У нітках абмеркавання можна сустрэць сапраўдныя імёны, прозвішчы і адрасы (часта гэта адрасы пунктаў выдачы заказаў маркетплэйсаў, але часам і хатнія). Публікацыя такой інфармацыі робіць людзей уразлівымі для махляроў і сталкераў.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках