Расія засталася без адзінага касмадрома для запуску касманаўтаў
- 6.12.2025, 23:08
- 1,388
Гэта закране і Беларусь.
Тэлеканал RTVI паведаміў, што Расія засталася без пляцоўкі для запуску касманаўтаў як мінімум на дзевяць месяцаў, а верагодней — на паўтара-два гады або нават больш. Прычынай стала аварыя на арэндаваным РФ у Казахстана касмадроме Байканур. Гэта паўплывае і на планы запусціць на арбіту яшчэ адну беларускую касманаўтку, піша «Тэлеграф».
Паводле звестак крыніц тэлеканала, «Раскасмас» разглядае тры планы дзеянняў пасля пашкоджання пляцоўкі №31 на Байкануры ў выніку аднаго з пускаў. Металічная платформа — кабіна абслугоўвання — была пашкоджана металічнай канструкцыяй, якая абрынулася на яе.
Найбольш аптымальны варыянт для расійскага касмічнага агентства — знайсці «донарскую платформу». Гэта малаімаверна, але магчыма. Падобная канструкцыя магла захавацца яшчэ з савецкіх часоў.
Але нават у гэтым выпадку пускі, прычым толькі грузавыя, удасца аднавіць толькі праз 9–12 месяцаў. «У савецкі час усё рабілі з запасам, можа, дзесьці яна ляжыць — хто ведае? Гэта канструкцыя вялікая і цяжкая, магчыма, нічога ў запасе і няма. Новыя платформы могуць адрознівацца ў дэталях: на Куру і Усходнім — трохі іншы тып стартавага камплексу, там ёсць вертыкальная канструкцыя і розныя тэхналагічныя адрозненні», — патлумачыў суразмоўца RTVI.
Калі запаснай платформы не знойдзецца, расійскія інжынеры маглі б паспрабаваць стварыць спрашчаную і палегчаную канструкцыю. Аднак на гэта таксама пайшло б 8–12 месяцаў, і запускаць касманаўтаў з яе нельга.
Пры гэтым, на думку суразмоўцаў тэлеканала, найбольш рэалістычны сцэнар прадугледжвае, што рамонт стартавай пляцоўкі зойме ад паўтара да двух гадоў.
Пры самым негатыўным развіцці падзей «Раскасмас» можа адмовіцца ад пілотаваных пускаў з Байканура і паспрабаваць перанесці іх на расійскі касмадром Усходні. Але ёсць праблема: ён не прыстасаваны для пускаў пілотаваных ракет, толькі для грузавых.
«У песімістычным сцэнары тэрміны рамонту 31-й пляцоўкі могуць расцягнуцца на некалькі гадоў: рашэнні па ёй пачынаюць звязвацца з агульнай стратэгіяй пераходу да пускаў з Усходняга і з праектам станцыі РОС. Гэта значыць, яны фактычна залежаць ад таго, наколькі дзяржава гатовая і далей інвеставаць у Байканур», — лічыць крыніца.
Дарэчы, у «Раскасмаса» і НАСА ёсць дамова аб узаемных пусках сумесных экіпажаў на МКС. Гэта азначае, што тэарэтычна Расія можа прасіць ЗША забяспечыць дастаўку на арбіту сваіх касманаўтаў.
Аднак планы па запуску яшчэ аднаго беларускага касманаўта на МКС, магчыма, падышлі да канца або, як мінімум, будуць адкладзеныя на нявызначаны тэрмін.