«Яндекс Музыка» выдаліла альбом беларускага гурта Leibonik
3- 7.12.2025, 20:28
- 4,672
Расійскаму стрымінгу не спадабаўся трэк з пажаданнямі расійскім акупантам.
Папулярны ў Беларусі стрымінг «Яндекс Музыка» выдаліў альбом «Там» гурта Leibonik. Прычым зрабіў гэта з-за цэнзуры.
«У канцы вясны «Яндекс Музыка» самы папулярны ў Беларусі стрымінг) без папярэджання выдаліў песню HRAMADZIANIN, а разам з ёй і ўвесь альбом TAM», — распавёў у інстаграме лідар гурта Сяргей Башлыкевіч.
Музыкант знайшоў элегантны выхад з сітуацыі ў стылі газет з белымі плямамі. Ён замяніў «Грамадзяніна» на трэк «Нема». Гэта інструментальная версія песні, якая не спадабалася цэнзарам. Таму кожны зможа праспяваць яе ў фармаце караоке.
«Спачатку я думаў проста прыбраць песню з альбома або крыху падправіць тэкст, але ўсё ж песня без слоў будзе гучаць больш красамоўна. І таму для «Яндекс Музыкі» альбом TAM перазаліваецца ў рэдакцыі TUT — дзе на месца «Грамадзяніна» становіцца флейта NEMA», — піша Башлыкевіч.
Што магло не спадабацца «Яндекс Музыцы»? Цалкам магчыма, пажаданні расійскім вайскоўцам, якія ўварваліся ва Украіну. Адзін з куплетаў трэка «Грамадзянін» гучыць так:
«Хто на Кіеў у БТРы едзе ўночы
Хай вернецца ў Растоў, але не вернуцца вочы
Хай хлопец заўральскі абдыме дома мамку
А ногі хай пакіне пад Сумамі ў танку
Хай збіты пад Харкавым у верталёце
Калі зможа, напіша: Абгарэў на рабоце
Хай Чорнае мора каскамі пазасыпе
Астраханскага духа ў самым поўным экіпе».