Беларуска адаслала інтымныя фотаздымкі новаму знаёмаму з сацыяльных сетак па ягонай просьбе
20- 7.12.2025, 20:56
- 12,434
Пасля гэтага мужчына запатрабаваў плату за «маўчанне».
Жыхарка Смалявічаў звярнулася ў міліцыю пасля таго, як пазнаёмілася з хлопцам у сацыяльных сетках, але замест сяброўскіх зносін стала ахвярай шантажу, паведамляе тэлеграм-канал «Міліцыя Міншчыны».
Высветлілася, што падчас прамога эфіру ў сацыяльных сетках пацярпелая пазнаёмілася з маладым чалавекам, пасля чаго яны перайшлі ў адзін з мэсэнджараў для далейшых зносін, і там зламыснік, увайшоўшы ў давер, пераканаў яе адправіць яму асабістыя інтымныя фотаздымкі.
— Пасля гэтага ён пачаў яе шантажаваць, пагражаючы распаўсюджаннем гэтых здымкаў у сетцы, і запатрабаваў пералічыць 100 рублёў на ўказаныя ім рэквізіты плацежнага сэрвісу, — паведамілі ў міліцыі.
У гэты момант яна зразумела, што яе новы знаёмец не спыніцца на адной суме і будзе патрабаваць яшчэ, таму звярнулася ў міліцыю.
— У ходзе аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў супрацоўнікі падраздзялення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці Мінскай вобласці ўстанавілі асобу вымагальніка. Ім аказаўся 32-гадовы жыхар аднаго з раённых цэнтраў Гомельскай вобласці. У цяперашні час падазраваны затрыманы, праводзяцца неабходныя следчыя дзеянні. Яму пагражае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да пяці гадоў, — паведамілі ў міліцыі.