Тайланд нанёс авіяўдары па Камбоджы
6- 8.12.2025, 8:14
- 4,540
Абедзве краіны абвінавацілі адна адну ў парушэнні пагаднення аб спыненні агню.
Армія Тайланда нанесла авіяўдары ўздоўж спрэчнай мяжы з Камбоджай пасля таго, як абедзве краіны абвінавацілі адна адну ў парушэнні пагаднення аб спыненні агню, заключанага пры пасярэдніцтве прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.
Пра гэта паведамляе Reuters.
Тайская армія паведаміла, што новыя сутыкненні адбыліся ў ўсходняй правінцыі Убон Ратчатхані. Адзначаецца, што ў выніку абстрэлу з боку Камбоджы загінуў адзін тайскі вайсковец, а яшчэ чацвёра атрымалі раненні.
«Тайскі бок пачаў выкарыстоўваць самалёты для нанесення удараў па ваенных мэтах у некалькіх раёнах», — гаворыцца ў заяве.
Міністэрства абароны Камбоджы заявіла, што пасля некалькіх дзён правакацый тайская армія нанесла ўдары па яе падраздзяленнях у двух раёнах. Пры гэтым у ведамстве адзначылі, што камбаджыйскія войскі не адкрывалі адказны агонь.
24 ліпеня 2025 года паміж сіламі Тайланда і Камбоджы аднавіліся ўзброеныя сутыкненні на спрэчным участку мяжы пасля адноснага зацішша з 2011 года.
Тайланд разгарнуў знішчальнікі F-16 супраць ваенных аб’ектаў Камбоджы ўздоўж спрэчнай мяжы, што прывяло да рэзкай эскалацыі напружанасці.
Атака адбылася на наступны дзень пасля таго, як тайскі салдат падарваўся на міне і страціў нагу. У выніку сутыкненняў прынамсі 36 чалавек загінулі, больш як 150 000 мірных жыхароў былі вымушаныя пакінуць свае дамы па абодва бакі 800-кіламетровай мяжы.
Неўзабаве сітуацыя рэзка абвастрылася: паведамлялася пра моцны артылерыйскі абстрэл і авіяўдары, а абодва бакі вінавацілі адзін аднаго ў нападах на цывільныя раёны.
25 ліпеня Тайланд абвясціў ваеннае становішча ў васьмі памежных раёнах.
28 ліпеня Тайланд і Камбоджа дамовіліся спыніць ваенныя дзеянні ў памежжы. 29 ліпеня пагадненне ўступіла ў сілу.
11 лістапада Тайланд паведаміў, што прыпыняе дзеянне пашыранага «мірнага пагаднення» з Камбоджай адносна спрэчнай мяжы.
Паводле слоў прадстаўніка ўрада, Тайланд зрабіў адпаведную заяву пасля таго, як яго салдаты атрымалі раненні ў выніку выбуху міны паблізу камбаджыйскай мяжы ў правінцыі Сісакет.