Беларускія НПЗ перапрацоўваюць больш нафты дзеля экспарту расійскага мазуту
1- 8.12.2025, 12:40
- 1,046
Рэжым Лукашэнкі дапамагае Путіну зарабляць грошы для вайны ва Украіне.
У канцы лістапада Расія павялічыла марскі экспарт мазуту. Расіі з экспартным мазутам дапамагаюць беларускія НПЗ, якія прынялі на перапрацоўку дадатковыя аб’ёмы нафты.
Пра гэта паведаміў у каментарыі «Коммерсантъ» эксперт Фінансавага ўніверсітэта пры ўрадзе Расіі Ігар Юшкоў. Паводле яго слоў, мазут з Беларусі пайшоў на экспарт праз порты Ленінградскай вобласці.
Як піша выданне са спасылкай на экспертаў, мазут пераважна накіроўваецца ў Азію з-за высокага попыту на выкарыстанне пры бункераванні, генерацыі электраэнергіі і як сыравіна для перапрацоўкі. Саудаўская Аравія, напрыклад, набываючы адносна танны расійскі мазут для сваіх электрастанцый, вызваляе ўласную нафту і нафтапрадукты для больш выгаднага продажу на сусветным рынку.
Найбуйнейшым пакупніком расійскага мазуту ў студзені—кастрычніку 2025 года стаў Сінгапур. Ён набыў 4,9 млн тон гэтага рэсурсу, або 17% усяго аб’ёму паставак. Да ліку асноўных пакупнікоў таксама ўваходзяць Саудаўская Аравія (15%), Кітай (15%), Індыя (12%), Турцыя (11%) і Малайзія (6%).
Рост экспарту мазуту дазваляе часткова кампенсаваць Расіі страты ад спынення паставак за мяжу светлых нафтапрадуктаў. Адгрузкі бензіну па-за ЕАЭС забароненыя да 1 студзеня 2026 года для ўсіх удзельнікаў рынку, экспарт дызпаліва дазволены толькі для НПЗ. У Мінэнерга Расіі папярэджвалі, што пытанне аб далейшым захаванні абмежаванняў можа быць разгледжана па меры набліжэння названага тэрміну.
Аднак па выніках снежня чакаецца і зніжэнне экспарту мазуту ў сувязі з традыцыйным зімовым спадам попыту на яго.