У Гродне пачаўся складаны этап рэканструкцыі гістарычнага моста
2- 8.12.2025, 16:21
- 1,160
Канструкцыю ўзмацняюць пад сучасныя нагрузкі, захоўваючы яе гістарычны выгляд.
У Гродне працягваецца рэканструкцыя моста праз раку Юрысдыку. Да працы прыступілі ў канцы верасня — на яе выдзелілі 9 месяцаў. Аднак будаўнікі працуюць ударна — па 12 гадзін у дзень без выхадных і святаў.
Таму завяршыць работы хочуць раней вызначанага тэрміну — да мая 2026 года.
Паводле праекта мост захавае свой гістарычны воблік, але яго ўмацуюць маналітнымі канструкцыямі, якія разлічаны на высокія нагрузкі.
Таксама будзе праведзены рамонт пад'ездаў, тратуараў і азеляненне прылеглай тэрыторыі. Даўжыня моста — больш за 52,3 м, шырыня — 36,7 м.
На пачатак снежня завершаны дэмантаж існуючых канструкцый моста.
Цяпер рабочыя занятыя мантажом спецыяльных дапаможных збудаванняў і прыстасаванняў для маналітнай пліты. Менавіта яе ўстаноўкай будуць займацца са снежня па сакавік.
Разам з гэтым неабходна ўмацаваць і стабілізаваць грунт. Як высветлілася, мост мае неўстойлівае аснаванне.
Такія праблемы не рэдкасць пры рэканструкцыі. Улічваючы, што мост страціў свае нясучыя здольнасці, праводзіць работы на ім небяспечна.
«Часта змантраваць нешта новае, зрабіць нейкае новае збудаванне прасцей, чым разабраць існуючае», — расказаў дырэктар філіяла «Мастабудаўнічае ўпраўленне №7» ААТ «Мостабуд» Ілья Бейма.
Будаўнікі дадалі, што хутка і пагодныя ўмовы будуць уносіць сваю лепту ў будаўніцтва.
