Дамарацкі стаў пераможцам на этапе Кубка свету
3- 8.12.2025, 18:51
Беларускі канькабежнік стаў найлепшым у мас-старце.
Беларус Ягор Дамарацкі стаў пераможцам мас-старту ў дывізіёне B на трэцім этапе Кубка свету па канькабежным спорце, які праходзіць у нідэрландскім Херэнвене. Ён пераадолеў дыстанцыю 6400 метраў за 7:59.91 і набраў 63 балы — гэтага хапіла, каб апярэдзіць сапернікаў з Францыі і Нарвегіі. У забегу ўдзельнічалі 22 спартсмены, піша smartpress.by.
За перамогу Дамарацкі атрымаў 22 балы ў агульны залік Кубка свету ў мас-старце. Пасля трох этапаў у беларуса 31 бал, і ён займае 30-е месца. Прамыя ліцэнзіі на Алімпіяду-2026 атрымаюць 24 найлепшыя.
У стаерскай класіфікацыі (5000 і 10 000 м) Дамарацкі ідзе 42-м. Каб заваяваць пуцёўку на Гульні па гэтай лініі адбору, трэба трапіць у топ-15. Вырашальны чацвёрты этап Кубка свету пройдзе з 12 па 14 снежня ў нарвежскім Хамары.