Азербайджан выганяе з краіны «Рускі дом»
6- 6.02.2025, 12:59
- 9,458
Дачыненні Баку і Масквы абвастраюцца.
Улады Азербайджана накіравалі Маскве афіцыйнае апавяшчэнне аб спыненні на сваёй тэрыторыі дзейнасці Рассупрацоўніцтва, сцвярджае азербайджанскае выданне Report, спасылаючыся на ўласныя крыніцы. Як піша выданне, пастанова звязаная з тым, што Азербайджан не мае патрэбы ў замежнай дапамозе, «пагатоў якая надаецца праз непразрыстыя схемы і арганізацыі, структура якіх відавочна мае выведвальны характар».
У студзені на тэлеканале Baku.tv выйшаў рэпартаж аб культурным цэнтры «Рускі дом» у Баку, які курыруе Рассупрацоўніцтва. Кіраўнік агенцтва Яўген Прымакоў у сваім Telegram-канале назваў рэпартаж, у якім «Рускі дом» абвінавачваўся ў шпіёнскай дзейнасці, ілжывым і «гнюсным» і паабяцаў, што Рассупрацоўніцтва падасць пазоў аб абароне дзелавой рэпутацыі.
Дачыненні паміж Масквой і Баку сталі напружанымі пасля катастрофы самалёта азербайджанскай авіякампаніі AZAL, які ляцеў у Грозны. У канцы снежня Ільхам Аліеў абвінаваціў Расею ў катастрофе і паўтарыў свае сцвярджэнні ў пачатку студзеня: «Магу з упэўненасцю сказаць, што віна за тое, што азербайджанскія грамадзяне загінулі ў гэтай катастрофе, ляжыць на прадстаўніках Расейскай Федэрацыі. І мы патрабуем справядлівасці, мы патрабуем пакарання вінаватых, мы патрабуем поўнай празрыстасці і чалавечых паводзін».