«Качанавай не даюць спакойна спаць «дармаеды»
24- 6.02.2025, 14:41
- 15,080
Беларуска – пра шалёныя законы, прынятыя рэжымам.
Чытачка сайта Charter97.org распавяла, з чым ёй даводзіцца сутыкацца праз мужа, якога ўлады запісалі ў «дармаеды»:
— Не даюць Качанавай спакойна спаць «дармаеды»! Спачатку гэтых «дармаедаў» самі прыдумалі, а зараз з іх «здымаюць шкуру».
Мы гадуем траіх дзяцей. Мой муж Антон мае сярэднюю спецыяльную адукацыю. Як яму зарабіць грошы на іх утрыманне? Каб неяк жыць, а не перабірацца з груцы на аўсянку.
Доўга працаваў Антон на розных прадпрыемствах раёна за мізэрную плату, пакуль не надакучыла. Падумалі мы і адправілі нашага тату працаваць кіроўцам фургона ў Еўропу.
І тут на нас пасыпалася: падвышаная аплата за камунальныя паслугі, немагчымасць скарыстацца бацькоўскім капіталам, ну і зараз павісла пытанне аб абмежаванні доступу да бясплатнай медыцыны.
Ну, не скажу, што мы вельмі маем да яе доступ. Так, калі прастуда, то пайсці да тэрапеўта - няма праблем: адсядзі чаргу і карыстайся. А вось калі здараюцца нейкія больш сур'ёзныя праблемы, то даставай партманэт і плаці, а то можна і год чакаць чаргі, напрыклад, да эндакрынолага, або калі трэба зрабіць ультрагукавое даследаванне.
Тое самае і ў паліклініцы для дарослых. Мне здаецца, што туды я хаджу толькі па даведкі для месца працы. Усё астатняе даводзіцца лячыць за грошы. І добра, што мы іх маем.
Дык і муж мой, дзякуючы таму, што працуе за мяжой, калі прыязджае, то ў пытаннях здароўя звяртаецца ў прыватныя цэнтры.
Хаця гэтая сітуацыя мяне вельмі напружвае. Навошта лукашысты дзеляць нашае грамадства на касты? Так, мой муж не плаціць падаткі ў сваёй дзяржаве. Але ж мы аплачваем падаткі, закладзеныя ў цану тавараў і паслуг.
Дзякуючы таму, што муж добра зарабляе, маем большыя пакупніцкія здольнасці, чым нашыя суседзі. Аднак хто ж прымусіў майго мужа адправіцца на чужыну, як не самі лукашысты?