У Беларусі востра стаіць пытанне нястачы лекараў
9- 17.03.2025, 14:49
- 5,184

Пра гэта расказалі самі ўлады.
У Беларусі захоўваецца нястача лекараў у шэрагу рэгіёнаў, што стварае сур'ёзныя выклікі для сістэмы аховы здароўя. Праблема асабліва востра стаіць у сельскай мясцовасці і аддаленых раёнах, дзе медыцынскія кадры папаўняюцца павольней, чым патрабуецца. Як піша «Зеркало», пра гэта паведамляе «СБ. Беларусь сёння».
Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, найбольшая нястача спецыялістаў адчуваецца ў Віцебскай і Гомельскай абласцях, а таксама ў некаторых раёнах Менскай вобласці. Найперш гэта датычыцца вузкіх спецыялістаў - анестэзіёлагаў-рэаніматолагаў, хірургаў, тэрапеўтаў і педыятраў.
Ёсць нястача лекараў і ў Магілёўскай вобласці, указаў начальнік управы кантролю бюджэтна-фінансавай сферы Камітэта дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласці Аляксандр Знасінка. Размова ідзе аб Быхаўскім, Кіраўскім, Чэрыкаўскім і Мсціслаўскім раёнах.
- Але калі казаць, да прыкладу, пра Кіраўскі раён, там з дзевяці лекараў чатыры знаходзяцца ў адпачынку для догляду дзіцяці, - падкрэсліла начальніца аддзела кадравай і юрыдычнай працы галоўнай управы аховы здароўя Магілёўскага аблвыканкама Юлія Емяльянава. - Узяць іншых спецыялістаў на іх месцы мы не маем права, а знайсці замену на час практычна немагчыма: у невялікіх райцэнтрах кадравы патэнцыял абмежаваны. Але мы ўвесь час трымаем пытанне на кантролі, штоквартальна адпраўляем туды лекараў з іншых гарадоў рэгіёна. Ужо ў красавіку адзін з лекараў выйдзе з адпачынку, другі накіраваны ў Кіраўск пры правядзенні папярэдняга размеркавання.
У Быхаўскім раёне не стае двух педыятраў, пакуль іх абавязкі выконваюць лекары агульнай практыкі. Складаная сітуацыя з педыятрамі і ў Мсціслаўскім раёне, дзе тры лекары закрываюць чатыры стаўкі, але два з іх у адпачынку для догляду дзіцяці. Сёлета размеркаваны сюды два маладыя спецыялісты, аднак прыбудуць яны толькі ў 2027 годзе. Разглядаецца пытанне і з Чэрыкаўскім раёнам.
«Не ўсе маладыя спецыялісты даязджаюць да першага працоўнага месца. Часам, добраахвотна кампенсаваўшы сродкі, выдаткаваныя на іх падрыхтоўку, працаўладкоўваюцца самастойна. І далёка не заўсёды загадзя паведамляюць патэнцыйнаму наймальніку пра сваю пастанову», - папракнула маладых медыкаў дзяржаўнае выданне.
Нагадаем, у Беларусі не першы год не ўдаецца развязаць праблему з дэфіцытам лекараў і медсясцёр. Апошні раз гэтае пытанне ўздымалася 15 сакавіка падчас наведвання Віцебскай вобласці спікеркай «савета Рэспублікі» Наталлі Качанавай. Ёй паскардзіліся на нястачу вузкапрофільных медыкаў у Наваполацку і Полацку. Чыноўніца расказала, што да яе летась ужо звярталіся мясцовыя жыхары з гэтай праблемай, і запэўніла, што гэтае пытанне «на кантролі».