Рэнтабельнасць прадпрыемстваў Гомельшчыны ўстанавіла новы антырэкорд
1- 18.03.2025, 11:54
- 2,586

Настолькі нізкіх значэнняў яшчэ ніколі не было.
Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі назваў рэнтабельнасць прадпрыемстваў Гомельскай вобласці ў студзені 2025 года. Настолькі нізкіх значэнняў яшчэ ніколі не было - абноўлены антырэкорд 2024 года, заўважыў «Флагшток».
Паводле афіцыйных звестак Белстата аб фінансавых выніках работы арганізацый Гомельскай вобласці, рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі, тавараў, работ, паслуг за студзень 2025 года склала 3,9 адсотка, а рэнтабельнасць продажаў - 3,4 адсотка. Гэта найменшы паказчык за ўвесь перыяд назірання.
Дэбіторская запазычанасць на 1 лютага склала 9,8 млрд. рублёў, у тым ліку пратэрмінаваная - 1,5 млрд. рублёў, ці 15,6% ад агульнага аб'ёму дэбіторскай запазычанасці.
Крэдыторская запазычанасць дасягнула 12 млрд. рублёў, у тым ліку пратэрмінаваная - 2,4 млрд. рублёў, ці 20% ад агульнага аб'ёму.
Сітуацыя ў краіне агулам выглядае крыху лепш. За студзень 2025 года рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі, тавараў, работ, паслуг арганізацыямі Беларусі склала 7,2 адсотка, рэнтабельнасць продажаў - 6 адсоткаў.
Пры гэтым некаторыя рэгіёны спрацавалі яшчэ горш за Гомельшчыну. Напрыклад, у Віцебскай вобласці за студзень рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі, тавараў, работ, паслуг апусцілася да 0,4 адсотка, а рэнтабельнасць продажаў - да 0,3 адсотка.
Мяркуючы з усяго, такія нізкія паказчыкі звязаныя з падзеннем прыбытку нафтаперапрацоўчых заводаў у двух рэгіёнах - Мазырскага і Наваполацкага.