СМІ: Польская выведка знайшла ў Беларусі войскі афрыканскага спецыяльнага прызначэння
13- 18.03.2025, 15:18
- 17,696

Яго навучаюць байцы ПВК "Вагнер".
Польская вайсковая выведка ўважліва сочыць за ростам ролі навучальнага цэнтра, створанага ПВК "Вагнер" у Беларусі для навучання вядзенню баявых дзеянняў з выкарыстаннем дронаў. Апошнія, каго там навучалі, былі байцы спецыяльнага прызначэння з афрыканскіх краін, супольнікаў Масквы, піша Грэгары Прыёлан для Intelligence Online (пераклад - сайт Charter97.org).
Польская вайсковая выведка (SWW) выказвае ўстурбаванасць ростам колькасці трэнінгаў у вядзенні баявых дзеянняў з выкарыстаннем дронаў, якія на авіябазе Віцебск-Паўночны (Журжава) праводзяць чальцы расейскай ПВК "Вагнер" з ухвалы Менска.
Са звестак крыніц Intelligence Online у Варшаве, падраздзяленні радыёперахопу Дэпартамента IV SWW (які адказвае за радыёэлектронную выведку, SIGINT) уважліва сочаць за дзейнасцю гэтага цэнтра, які набывае ўсё большае значэнне. Кожны месяц там праходзяць падрыхтоўку замежныя вайскоўцы з Афрыкі.
Крыніцы ў Польшчы паведамляюць, што ў канцы лютага ў Віцебску праходзілі навучанне байцы 36-га батальёна спецназа Лібійскага нацыянальнага войска (ЛНА) Халіфа Хафтара. У гэтыя ж дні базу наведалі Садам Хафтар (сын Халіфы Хафтара) і Руслан Члян, вядомы як "Радзімір", новы куратар расейскай дзейнасці ПВК "Вагнер" у Лібіі. Яны прыбылі, каб назіраць за манеўрамі на навучальным палігоне.
Найбліжэйшым часам у Беларусь таксама прыбудзе кантынгент з Малі для праходжання аналагічных трэніровак. Варшава вельмі гэтым устурбаваная і спрабуе папярэдзіць супольнікаў з NАТО.
Трэнінгі вельмі інтэнсіўныя. Іх праводзяць інструктары з Расеі. Цягам трох тыдняў удзельнікі адпрацоўваюць:
– асновы эксплуатацыі тактычных дронаў-выведчыкаў і ўдарных дронаў (Autel Robotics Evo II і DJI Mavic 3 Pro);
- выкарыстанне сістэм скіду боепрыпасаў;
– зборку FPV-дронаў з дапамогай 3D-друкарак;
- праграмаванне бартавога ПЗ;
- пілатаванне і выкарыстанне супрацьпяхотных і супрацьтанкавых набояў.
На палігоне ў Віцебску, за якім пільна сочаць спадарожнікі польскай выведкі, створаная разгалінаваная сетка акопаў і разбітая бранятэхніка, якая імітуе ўмовы рэальнага бою ва Украіне. Навучанне таксама праводзіцца на закінутай авіябазе Журжава.
Акрамя таго, курсанты вывучаюць метады радыёэлектроннай барацьбы з беспілотнікамі. "Вагнераўцы" выкарыстоўваюць для гэтага сістэмы здушэння SERP-VS6D, якія пастаўляюцца расейскай дзяржаўнай арганізацыяй "Ростэх".
Доўгае знаходжанне байцоў ПВК “Вагнер” у Беларусі, ухваленае Лукашэнкам у чэрвені 2023 года, з самага пачатку выклікала сур'ёзныя асцярогі ў польскай выведкі. SWW і польскае Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW) асцерагаюцца, што расейскія найміты могуць быць задзейнічаныя ў дыверсіях і таемных аперацыях супраць Польшчы.
Гэтыя асцярогі ўзмацніліся пасля таго, як з верасня 2024 года расейскія інструктары ў Беларусі, якімі кіраваў Сяргей Чубко, пачалі рыхтаваць беларускія войскі да вайны дронаў.
Асноўны касцяк інструктараў складаюць ветэраны бітвы за Бахмут. Яны штомесяц праводзяць некалькі курсаў для пяхотных частак, дэсантнікаў рэгулярнага беларускага войска, спецназу і групы "Альфа" беларускага КДБ. Навучанне ўключае зборку, праграмаванне, рамонт і пілатаванне FPV-дронаў.