У Беларусь з Заходняй Еўропы ідзе цёплая паветраная маса
- 18.03.2025, 17:11
- 4,464

Гэта адаб'ецца на надвор'і ў краіне.
19 сакавіка ўначы і раніцай варункі надвор'я ў Беларусі будуць вызначаць франтальныя раздзелы, якія страчваюць актыўнасць, удзень адаб'ецца ўплыў вобласці павышанага атмасфернага ціску і цёплай паветранай масы, якая паступае з захаду. Воблачна, удзень з прасвятленнямі, паведамляе Белгідрамет.
Уначы і раніцай часам пройдуць ападкі (снег, мокры снег, дождж), удзень пераважна без ападкаў. Уначы і раніцай месцамі чакаюцца туман і галалёд. На асобных адцінках дарог галалёдзіца. Вецер паўночна-заходні, заходні сярэдні, удзень парывісты. Тэмпература паветра мінімальная ўначы -4..+2°С, максімальная ўдзень +5..+11°С. Атмасферны ціск будзе слаба расці.
20-21 сакавіка захаваецца ўплыў вобласці павышанага атмасфернага ціску і цёплай паветранай масы, якая паступае з Заходняй Еўропы.
20 сакавіка пераменная воблачнасць. Пераважна без ападкаў. Уначы і раніцай месцамі слабыя туман і галалёд, на асобных адрэзках дарог галалёдзіца. Вецер заходняй чвэрці сярэдні. Тэмпература паветра мінімальная ўначы -6..+1°С, максімальная ўдзень складзе ад +6°С на паўночным усходзе да +14°С на паўднёвым захадзе Беларусі.
21 сакавіка пераменная воблачнасць. Пераважна без ападкаў. Уначы і раніцай месцамі чакаюцца слабыя туман і галалёд. Вецер заходняй чвэрці сярэдні. Тэмпература паветра мінімальная ўначы -6..+1°С, максімальная ўдзень будзе ад +8°С на поўначы да +16°С на паўднёвым захадзе краіны.