Гародню атакуюць лісы
5- 20.03.2025, 15:50
- 5,986

Яны тэрарызуюць мясцовых жыхароў.
Жыхары аднаго з раёнаў Гародні сутыкнуліся з нечаканай праблемай: у іх дварах усё часцей з'яўляюцца лісы. Падчас аднаго з такіх візітаў лясныя госці загрызлі свойскага катка. Падрабязнасці расказвае NewGrodno.
На Альшанцы, у раёне вуліц Агінскай і Айчыннай, лісы сталі з'яўляцца рэгулярна. Са слоў відавочцаў, адзін з лісаў нядаўна на вачах у людзей напаў на свойскага ката. «Людзі ўжо стаміліся ад іх нашэсця. Звяры небяспечныя, і гэта выклікае неспакой», - падзяліўся чытач з выданнем.
Гэта не першы выпадак, калі дзікія жывёліны з'яўляюцца ў гарадской рысе. Раней у Гародні заўважалі ласёў, казуль і нават баброў. Аднак лісы, у адрозненне ад іншых лясных насельнікаў, паводзяць сябе больш упэўнена. Без страху ідуць на кантакт з чалавекам, падвышаючы тым самым рызыку перадачы шаленства і іншых небяспечных захворванняў.
Мясцовыя жыхары спадзяюцца, што ўлады звернуць увагу на праблему і прымуць меры для гарантавання бяспекі. Пакуль жа гараджанам раяць быць асцярожнымі і не правакаваць дзікіх жывёлін.
Спецыялісты нагадваюць: пры сустрэчы з лісам ці іншай дзікай жывёлінай лепш трымацца на адлегласці. Не варта спрабаваць карміць іх ці гладзіць - кожны неасцярожны рух можа справакаваць агрэсію. У выпадку ўкусу варта неадкладна звярнуцца па медыцынскую дапамогу.