Пуцін запатрабаваў ад украінцаў пакінуць акупаваныя Расеяй тэрыторыі
26- 20.03.2025, 16:22
- 31,656

Тэрмін - да 10 верасня.
Уладзімір Пуцін падпісаў указ, які абавязвае ўкраінскіх грамадзян, якія знаходзяцца ў Расеі і на акупаваных тэрыторыях Украіны «без законных падстаў», або пакінуць краіну да 10 верасня 2025 года, або ўрэгуляваць свой прававы статус. Дакумент апублікаваны на афіцыйным партале прававой інфармацыі. У тэксце ўказа гаворыцца: «Грамадзяне Украіны, якія знаходзяцца ў Расейскай Федэрацыі і не маюць законных падстаў для знаходжання (пражывання) у Расейскай Федэрацыі, абавязаныя самастойна выехаць з Расейскай Федэрацыі або да 10 верасня 2025 года ўключна ўрэгуляваць сваё прававое становішча ў Расейскай Федэрацыі».
Дзеянне ўказа распаўсюджваецца і на так званыя «новыя рэгіёны» (акупаваныя тэрыторыі Украіны). Дарэчы, згодна з дакументам, «замежныя грамадзяне» і асобы без грамадзянства, якія прыбылі ў «ДНР», «ЛНР», а таксама ў Запарожскую і Херсонскую вобласці, абавязаныя прайсці медыцынскі агляд да 10 чэрвеня 2025 года. У рамках гэтай працэдуры прадугледжаныя тэсты на ўжыванне наркатычных рэчываў і наяўнасць ВІЧ-інфекцыі.
Ва ўказе змяшчаецца загад, паводле якога да 10 верасня 2025 г. сілавыя структуры не павінны пераследаваць украінцаў, якія знаходзяцца ў Расеі і на акупаваных тэрыторыях Украіны «незаконна», калі яны самастойна звярнуліся ў МУС для легалізацыі свайго статусу. Міністэрству аховы здароўя даручана ў тыя ж тэрміны правесці медагляд грамадзян Украіны.