Зяленскі: Крым – украінскі паўвостраў, і з гэтым ніхто нічога не зробіць
4- 20.03.2025, 20:02
- 8,070

Пра гэта прэзідэнт Украіны заявіў Трампу.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп не ўзнімаў у размове з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім пытанне акупаванага Расеяй Крыма. Пра гэта Зяленскі расказаў падчас прэс-канферэнцыі з прэм'ер-міністрам Нарвегіі Ёнасам Гар Стэрэ 20 сакавіка, яе трансляваў Офіс прэзідэнта Украіны.
Так ён адказаў на пытанне журналіста пра інфармацыю, якую распаўсюдзілі СМІ, што Трамп нібыта разглядае магчымасць прызнання акупаванага Крыма расейскай тэрыторыяй у рамках патэнцыйнага пагаднення аб спыненні вайны.
«Трамп са мной не ўздымаў гэтага пытання. Мы гаварылі з ім пра Крым яшчэ ў верасні ў Нью-Ёрку. Проста яго цікавіла, чаму ўкраінцы так любяць Крым, таму што ён чуў гэта», – адзначыў Зяленскі.
Паводле словаў украінскага прэзідэнта, у размове з Трампам ён сказаў, што Крым з'яўляецца неад'емнай часткай Украіны. Ён адзначыў, што ў Крыме ўся лагістыка і пастаўкі вады былі звязаныя з мацерыковай Украінай, таму, паводле ягоных словаў, без украінцаў Крым памірае.
«Крым, перш за ўсё, – гэта ўнікальная прырода. Гэта мора, гэта турызм. Што самае галоўнае для турызму? Гэта ўсё вам скажуць – турысты. У Крыме 11 гадоў няма турыстаў. Раней у Крым летам прыязджала 3 млн турыстаў, 2,8 млн – гэта ўкраінцы. Яны там адпачывалі, бо гэта іхні паўвостраў. І з гэтым ніхто нічога не зробіць», – расказаў прэзідэнт.