ЗША ўпершыню ўвялі санкцыі супраць Кітая за набыццё падсанкцыйнай нафты
1- 20.03.2025, 20:14
- 4,306
Пад абмежаванні патрапіў кітайскі НПЗ, які набываў паліва ў Ірана.
Адміністрацыя Дональда Трампа ўпершыню пакарала Кітай за набыццё нафты, якая знаходзіцца пад амерыканскімі санкцыямі. У чацвер Міністэрства фінансаў ЗША ўключыла ў чорны спіс незалежны кітайскі НПЗ за тое, што ён набываў у Ірана паліва, якое да таго ж было звязанае з вайскоўцамі і тэрарыстамі. Гэты захад можа рыкашэтам ударыць і па пастаўках расейскай нафты, паведамляе The Moscow Times.
Кампанія Shandong Shouguang Luqing Petrochemical з правінцыі Шаньдун стала першым НПЗ у краіне, які Вашынгтон пакараў за набыццё нафты ў Ірана насуперак раней уведзеным амерыканскім санкцыям. Shandong Shouguang Luqing набыла мільёны бараляў на блізу $0,5 млрд, заявіў Мінфін. Яна атрымлівала нафту, якая перавозілася караблямі ценевага флоту, некаторыя з якіх патрапілі пад санкцыі за іх ролю ў забеспячэнні еменскіх хусітаў, якіх у ЗША ўважаюць за тэрарыстычную арганізацыю.
Акрамя таго, гэтая нафта звязаная з іранскімі ўзброенымі сіламі і Корпусам вартавых ісламскай рэвалюцыі. Гендырэктар кітайскай кампаніі таксама ўключаны ў чорны спіс. Гэта ўжо чацвёрты раўнд санкцый, прынятых з таго часу, як Трамп 4 лютага абвясціў пра кампанію максімальнага ціску на Іран зыходзячы з меркаванняў нацыянальнай бяспекі. Для гэтага Вашынгтон імкнецца абмежаваць продаж іранскай нафты, у тым ліку, каб прымусіць Тэгеран адмовіцца ад праграмы ядзернага ўзбраення.
Амерыканскія санкцыі, хоць і ўведзеныя за аперацыі з іранскай нафтай, могуць паўплываць і на расейскія пастаўкі.
Правінцыя Шаньдун, дзе размешчаны і Shandong Shouguang Luqing Petrochemical, з'яўляецца цэнтрам нафтаперапрацоўкі для прыватных кітайскіх кампаній. Яны актыўна набывалі расейскую нафту да нядаўняга часу, хоць яе плынь скарацілася пасля маштабных санкцый супраць расейскай нафтавай галіны і ценевага флоту, якія 10 студзеня ўвяла адміністрацыя Джо Байдэна.
Невядома, ці набывала Shandong Shouguang Luqing расейскую прадукцыю апошнім часам, але раней яна гэта рабіла – сярод іншага, атрымлівала грузы з Расеі падчас пандэміі ковіду, калі кошты нафты ўпалі пасля таго, як Кітай пачаў абвяшчаць лакдаўны праз распаўсюд каранавірусу.