22 сакавiка 2025, Субота, 14:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Памёр вядомы савецкі перабежчык Алег Гардзіеўскі

12
Памёр вядомы савецкі перабежчык Алег Гардзіеўскі
Алег Гардзіеўскі

Ён працаваў на КДБ і на брытанскую разведку

У Вялікабрытаніі ў сябе дома на 87 годзе жыцця памёр Алег Гардзіеўскі, якога называюць адным з самых вядомых шпіёнаў ХХ стагоддзя. Прычыны смерці не паведамляюцца.

У 1970-80-х гадах Гардзіеўскі цягам 15 гадоў курыраваў Вялікабрытанію і Скандынавію ў Першай галоўнай управе КДБ, перадае ВВС.

Патрапіўшы ў Злучанае Каралеўства ў якасці рэзідэнта, ён неўзабаве пачаў супрацоўнічаць з брытанскай МІ-6 з псеўданімам OVATION.

Гэтае супрацоўніцтва працягвалася 11 гадоў, пакуль маскоўскае кіраўніцтва не западозрыла нядобрае і ён не быў адкліканы назад у Расею ў 1985 годзе.

Але ўлетку таго ж года брытанцы здолелі правесці таемную аперацыю і вывезці Гардзіеўскага назад у Брытанію, дзе ён працягнуў кансультаваць заходнія спецслужбы.

У СССР палкоўнік Гардзіеўскі быў завочна асуджаны да расстрэлу, а ў сучаснай Расеі абвешчаны здраднікам за перадачу брытанцам вялікага аб'ёму сакрэтнай інфармацыі. Былыя калегі называлі яго «агідным тыпам» і «таленавітым нягоднікам».

На Захадзе ён быў ацэнены зусім інакш. Лічыцца, што ён дапамог змяніць ход халоднай вайны, патлумачыўшы заходнім структурам, што насамрэч думаюць у СССР і як лепш размаўляць з савецкім рэжымам.

У 2007 годзе за заслугі ў забеспячэнні нацыянальнай бяспекі Вялікабрытаніі Алег Гардзіеўскі быў узнагароджаны ордэнам Святых Міхаіла і Георгія, адной з найвышэйшых узнагарод Злучанага Каралеўства.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках