26 сакавiка 2025, Серада, 22:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

NYT: Крэмль патурае Трампу

1
NYT: Крэмль патурае Трампу

Пуцін пераследуе свае мэты.

Крэмль бачыць выгады ў тым, каб патураць імкненню прэзідэнта ЗША Дональда Трампа да спынення агню ва Украіне, але ваенныя мэты Крамля засталіся нязменнымі.

Пра гэта ў панядзелак, 24 сакавіка, піша The New York Times, паказваючы, што для расейскага дыктатара Уладзіміра Пуціна перамовы з Трампам аб рэжыме спынення агню з'яўляюцца сродкам для дасягнення шырэйшых мэтаў.

Крэмль, магчыма, мае намер выціснуць як мага больш выгод з жадання Трампа ўкласці мірную ўгоду з Украінай, нават калі гэта запаволіць перамовы, піша NYT. У Маскве мяркуюць, што паляпшэнне стасункаў з Вашынгтонам з'яўляецца карысным для эканомікі і геапалітыкі. І што гэтага можа быць дасягнута нават тады, калі расейскія ракеты працягваюць біць па тэрыторыі Украіны.

«Пуцін працягвае імкнуцца да будучай перамогі ва Украіне, але патурае імкненню Трампа да спынення агню, каб скарыстацца перавагамі адлігі ў стасунках з Вашынгтонам», - канстатуе аўтар артыкула.

Ён таксама падае выказванні намесніка старшыні камітэта ў міжнародных справах Дзярждумы РФ Вячаслава Ніканава, які заявіў, што Трамп і Пуцін распрацоўваюць «двухбаковы парадак дня», які «не звязаны з Украінай». Ніканаў заявіў, што «наступленне [расейскага акупацыйнага войска] прадаўжаецца» і дадаў, што «для Пуціна стасункі з Амерыкай важнейшыя, чым канкрэтна пытанне Украіны».

У Маскве, магчыма, думаюць, што камунікацыя з Трампам можа прынесці такую эканамічную карысць, як запасныя часткі для расейскіх самалётаў Boeing, піша NYT. Што да геапалітычных выгод, то адной з іх можа быць скарачэнне прысутнасці NАТО ў Еўропе.

У той жа час застаецца незразумелым, ці будзе прэзідэнт ЗША выкарыстоўваць гэтыя надзеі Крамля ў якасці вагара для дасягнення больш выгаднай угоды для Украіны ці страціць цярпенне да Пуціна, канстатуюць у NYT.

Цяпер расейскі дыктатар робіць усё магчымае, каб утрымаць цікавасць Трампа, але ў той жа час не дэманструе ніякіх прыкмет адмовы ад сваіх далёкіх мэт наконт Украіны. Сярод іх, гарантыі таго, што Украіна не ўступіць у NАТО, абмежаванні на ўзброеныя сілы краіны і ўплыў на ўнутраную палітыку.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках