26 сакавiка 2025, Серада, 18:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Літве выказаліся пра афіцыйнае перайменаванне Беларусі

57
У Літве выказаліся пра афіцыйнае перайменаванне Беларусі

"Вызначаюць не лінгвісты, не палітыкі, а грамадства".

У Літве могуць змяніць афіцыйную назву Беларусі — Baltarusia замест цяперашняга Baltarusija, аднак гэта патрабуе ўзгаднення з Міністэрствам замежных спраў краіны і грамадскага кансэнсусу. Такое меркаванне выказала старшыня Дзяржаўнай камісіі ў літоўскай мове Віялета Мэйлюнайтэ, піша LRT.

На Віленскім кніжным кірмашы прайшла дыскусія аб магчымым перайменаванні Расеі: замест цяперашняй літоўскай назвы Rusija прапануецца варыянт Rosija.

Так, прафесар Гістарычнага факультэта Віленскага ўніверсітэта Альфрэдас Бумблаўскас адзначыў, што нельга дазволіць сучаснай Расеі ўзурпаваць назву "русь" — у тым ліку таму, што яна звязана і з беларускімі землямі. Ён паведаміў, што гістарычна тэрмін "рускія" не адносіўся выключна да насельніцтва сучаснай Расеі, а ў Вялікім княстве Літоўскім, куды ўваходзілі тэрыторыі сучаснай Беларусі, пражывалі русіны — продкі сучасных беларусаў і ўкраінцаў.

Навуковец падаў прыклад выданне Пражскай Бібліі 1517 года Францішка Скарыны, якую першадрукар назваў "Рускай Бібліяй" (па-літоўску - Biblija Rus’ka).

Старшыня Дзяржаўнай камісіі ў літоўскай мове Віялета Мэйлюнайтэ таксама выказала меркаванне аб магчымым перайменаванні Беларусі. У Літве афіцыйна выкарыстоўваецца тэрмін Baltrarusija, але некаторыя прапануюць змяніць яго на Baltarusia. Паводле ейных слоў, гэта немагчыма без узгаднення з літоўскім МЗС.

- Мы можам абмеркаваць усе варыянты, але нічога не вызначым, бо перайменаванне дзяржаў не адбываецца без удзелу Міністэрства замежных спраў. У сваім коле мы можам прыдумаць якія хочам назвы <…>. І хто ведае, можа, адная з іх у выніку стане афіцыйнай, - сказала Мэйлюнайтэ.

Яна дадала, што Дзяржаўная камісія літоўскай мовы падтрымлівае выкарыстанне для Беларусі і такой традыцыйнай літоўскай назвы, як Gudija (гэтак жа як Karaliaučius — для расейскага Калінінграда, былога Кёнігсбэрга, Tilžė — для Савецка, былога Тыльзіта).

- Але пытанне ў іншым - ці выкарыстоўваем мы іх? Мы гэта зацвердзілі, дамовіліся, але ў рэчаіснасці не робім, - падкрэсліла Мэйлюнайтэ.

Экспэртка таксама падала прыклад Грузіі, для якой у літоўскай мове існуюць дзве афіцыйныя назвы: уласна Грузія і Сакартвела (саманазва гэтай краіны).

- Вызначаюць не лінгвісты, не палітыкі, а грамадства. Таму і існуюць абодва варыянты, каб людзі самі выбіралі, якая назва больш адпавядае сутнасці, - патлумачыла яна.

Напісаць каментар 57

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках