У Менску прадаюць дом за рэкордныя 3,3 мільёны даляраў
13- 24.03.2025, 17:25
- 9,344

Камін пасярод пакоя, басейн, стылістыка шале - сапраўдны хатні рай.
Да выбару прыватнага дома як мага лепш пасуе прымаўка "Што ні край, то свой звычай ...". Хтосьці дагэтуль любіць замкавыя палацы, хтосьці імкнецца да сучаснага мінімалізму. Гэты аб'ект не пакіне абыякавымі ні тых, ні іншых. Камін пасярод пакоя, басейн, стылістыка шале - сапраўдны хатні рай. Размяшчаецца ён проста ў Менску - недалёка ад Нацыянальнай бібліятэкі, на вуліцы Глебава. Рай ацэнены на рэкордныя 3,3 мільёны даляраў, піша Onliner.


Дом знаходзіцца на скрыжаванні вуліц Жасмінавай і Глебава. Гэтая лакацыя - гэта невялікі кавалачак элітнай забудовы ў межах Менска, які з аднаго боку акружаны лесам, а з другога - Сляпянскай воднай сістэмай. Удалечыні відаць шматпавярховікі на вуліцы Скарыны, дыямент бібліятэкі і “Маяк Мінска”. Але тут цішыня і спакой.



Дом пабудаваны ў 2018 годзе. Ён аднапавярховы, але даволі прасторны - яго агульная плошча складае 524 кв. м. У ім змясцілася пяць пакояў і дадатковыя памяшканні.
«Прастора гасцёўні створаная для максімальнага камфорту і адпачынку. Пад высокімі столямі гасцёўні, напоўненай натуральным святлом, лёгка расслабіцца, атрымліваючы асалоду ад жывога агню каміна», - апісвае гасцёўню рыэлтар.
Персанальная спа-зона складаецца з вялікага басейна, саўны і пакою адпачынку з печчу.
Атмасфера спачывальні нагадвае ёга-студыю. Дарэчы, зазначаецца, што ў інтэр'еры выкарыстаны пераважна прыродныя матэрыялы.
Кошт усіх гэтых выгод рэкордны для Менска — 3,3 мільёны даляраў. І хоць дарагімі аб'ектамі менчукоў не здзівіць, прадаюцца яны доўга: кліенты прэміяльнай нерухомасці вельмі пераборлівыя і не раскідваюцца грашыма.