27 сакавiка 2025, Чацвер, 2:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Крэмль апублікаваў сваю заяву паводле вынікаў перамоваў з ЗША ў Эр-Рыядзе

18
Крэмль апублікаваў сваю заяву паводле вынікаў перамоваў з ЗША ў Эр-Рыядзе

Масква абвесціла ўмовы.

Паводле вынікаў тэхнічных перамоваў паміж ЗША і РФ, якія адбыліся ў Саудаўскай Аравіі 24 сакавіка, Масква пагадзілася на гарантаванне бяспекі суднаходства ў Чорным моры, аднак з сустрэчнымі ўмовамі. Гэта вынікае з паведамлення Крамля, апублікаванага 25 сакавіка.

У заяве сказана, што расейскі і амерыканскі бакі дамовіліся забяспечыць рэалізацыю «Чарнаморскай ініцыятывы», якая ўключае неўжыванне сілы і недапушчэнне выкарыстання камерцыйных караблёў у ваенных мэтах пры арганізацыі належных захадаў кантролю шляхам надгляду такіх караблёў.

Другі пункт абвяшчае, што Вашынгтон будзе спрыяць аднаўленню доступу расейскага экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі і ўгнаенняў на сусветны рынак, зніжэнню кошту страхавання марскіх перавозак і пашырэнню доступу да партоў і плацежных сістэмаў для правядзення такіх транзакцый.

У заяве сказана, што пункты пачнуць дзеянне пасля зняцця шэрагу санкцый. Сярод іншага з Рассельгасбанка і іншых фінансавых арганізацый, якія задзейнічаныя ў забеспячэнні аперацый міжнароднага гандлю харчаваннем (у тым ліку рыбапрадукцыяй) і ўгнаеннямі, іх падключэння да SWIFT і адкрыцця неабходных карэспандэнцкіх рахункаў.

Таксама Масква патрабуе зняцця абмежаванняў на абслугоўванне ў партах караблёў і санкцый з караблёў пад расейскім сцягам, задзейнічаных у гандлі рыбапрадукцыяй і ўгнаеннямі.

Асобна Крэмль заявіў пра згоду распрацоўваць з Вашынгтонам захады для рэалізацыі дамоўленасцяў пра забарону ўдараў па аб'ектах энэргетыкі РФ і Украіны тэрмінам на 30 дзён. Там указалі, што такая забарона дзейнічае з 18 сакавіка 2025 года, з магчымасцю падаўжэння і выхаду з дамоўленасці ў выпадку яе невыканання адным з бакоў.

«Расея і ЗША вітаюць добрыя паслугі трэціх краінаў, накіраваныя на падтрымку рэалізацыі дамоўленасцяў у энэргетычнай і марской сферах. Расея і ЗША прадоўжаць працу ў дасягненні трывалага і доўгага міру», – гаворыцца ў заяве.

Раней Белы дом апублікаваў сваю заяву пра перамовы з расейскай дэлегацыяй. Згодна з ёй, ЗША таксама фактычна абавязваюцца дапамагчы Расеі пазбавіцца некаторых наступстваў санкцыйнай палітыкі.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў той самы дзень падчас размовы з журналістамі, каментуючы гэты пункт заявы, сказаў, што, на думку Украіны, гэта аслабленне санкцый.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках