У ААН адрэагавалі на жорсткае абыходжанне з беларускімі палітычнымі зняволенымі жанчынамі
4- 26.03.2025, 14:03
- 4,798

Незалежныя экспэрты заклікалі рэжым спыніць рэпрэсіі.
Незалежныя экспэрты ААН у правах чалавека 26 сакавіка выступілі з заявай, у якой заклікалі беларускія ўлады адрэагаваць на пастаянныя абвінавачанні ў жорсткім абыходжанні з жанчынамі, якія ўтрымліваюцца ў папраўчых калоніях, піша «Позiрк».
«Мы глыбока ўстурбаваныя суровым абыходжаннем з жанчынамі, асуджанымі ў сувязі з пратэстамі супраць прэзідэнцкіх выбараў 2020 года», — заявілі экспэрты.
Яны выказалі асаблівую трывогу наконт пагрозы жыццю Вікторыі Кульшы, былой адміністратаркі тэлеграм-канала «Кіроўцы 97%», якая заклікала кіроўцаў перакрываць вуліцы на знак пратэсту пасля выбараў 2020 года.
Паводле звестак аўтараў, «цяпер Кульша ўтрымліваецца ў Зарэчанскай папраўчай калоніі № 24 (Рэчыцкі раён Гомельскай вобласці. — заўв.), і, паводле звестак, яе фізічнае і псіхічнае здароўе сур'ёзна пагоршылася. Аднак ёй адмоўлена ў адэкватнай медыцынскай і псіхалагічнай дапамозе, і яна працягвае зазнаваць жорсткае абыходжанне».
Экспэрты таксама выказалі ўстурбаванасць з нагоды «трох паджылых палітычна зняволеных жанчын - Алены Гнаўк, Вольгі Маёравай і Ірыны Такарчук, - якія былі асуджаныя ў рамках рэпрэсій, якія разгортваюцца з 2020 года».
«Дрэнныя ўмовы ўтрымання пад вартай у спалучэнні з наўмысным жорсткім абыходжаннем, уключаючы карнае адзіночнае зняволенне, ставяць іхняе здароўе пад сур'ёзную рызыку», – заявілі яны.
«Больш за тое, меркаванае працяглае ўтрыманне пад вартай без сувязі з вонкавым светам Алены Гнаўк падвышае рызыку яе гвалтоўнага знікнення», — мяркуюць аўтары заявы.
Адзначаецца, што «тэрміны зняволення Кульшы, Гнаўк і Маёравай былі працягнутыя пасля таго, як яны былі асуджаныя паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі папраўчай установы). Кульша тройчы прыцягвалася да крымінальнай адказнасці паводле гэтым артыкуле».
«Артыкул 411 Крымінальнага кодэкса дазваляе бестэрмінова працягваць турэмныя тэрміны на падставе абвінавачанняў у «непадпарадкаванні», вылучаных тымі самымі супрацоўнікамі калоніі, якія нясуць адказнасць за жорсткае абыходжанне са зняволенымі», — заўважылі экспэрты. — Гэтае становішча стала яшчэ адным жорсткім інструментам, які выкарыстоўваецца турэмнымі ўладамі для пакарання тых, хто нелаяльны ўраду».
У сувязі з гэтым яны заклікалі беларускія ўлады неадкладна скасаваць згаданы артыкул КК і вызваліць асуджаных паводле яго.
Экспэрты зноў выказалі ўраду Беларусі сваю ўстурбаванасць у сувязі з шырока распаўсюджаным жорсткім абыходжаннем з жанчынамі і паджылымі зняволенымі агулам: «Мы ўстрывожаныя тым, што Беларусь па-ранейшаму не развязвае гэтыя праблемы».
Таксама аўтары ўстурбаваныя злоўжываннямі заканадаўства аб барацьбе з тэрарызмам і экстрэмізмам і заклікаюць беларускія ўлады прывесці гэтыя законы ў адпаведнасць з нормамі міжнароднага права.
Пад заявай падпісалася 20 чалавек, у тым ліку кіраўнікі і чальцы спецыяльны дакладчык у сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Нільс Муйжніекс, спецыяльны дакладчык ААН у абароне права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне Ірэн Хан, чальцы рабочай групы ў гвалтоўных знікненнях, рабочай групы ў дыскрымінацыі жанчын.