30 сакавiка 2025, Нядзеля, 16:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Божа, я думала, гэта дзіркі ад зваркі!»

19
«Божа, я думала, гэта дзіркі ад зваркі!»

Беларускі рыбак паказаў маштабы нашэсця кляшчоў на сабе.

Беларус прыехаў на рыбалку ў Камянецкі раён і па дарозе ад аўто да вадаёма сабраў на сабе, здаецца, усіх кляшчоў свету. Такім не самым прыемным спосабам прырода рапартуе нам аб прыходзе вясны, піша Onlíner.

«Божа, я думала, гэта дзіркі ад зваркі!» — усклікае каментатарка, не паверыўшы такой колькасці кляшчоў на квадратны сантыметр штаноў аўтара. Таксама пад відэа разгарэлася гарачая дыскусія на тэму таго, адкуль кляшчы ўвогуле бяруцца ў такой колькасці ў апошнія гады, бо «ў дзяцінстве іх амаль не было». Хтосьці вінаваціць слабенькія зімы, што не дазваляюць ім добра «прамёрзнуць» у патрэбнай колькасці. Хтосьці згадвае, як у часы СССР палі і лясы апрацоўвалі спецыяльнымі хімікатамі з дапамогай кукурузніка.

На жаль, арыгінальную лексіку аўтара давялося крыху «прычасаць».

Хто мае рацыю, хто вінаваты, клешч ці мы - пытанні рытарычныя. А вось тыя, на якія мы можам даць адказ дастаткова дакладна, звязаны са статыстыкай і спосабамі абароны ад шкодных істот.

Усяго на тэрыторыі Беларусі пражываюць 12 відаў кляшчоў. З іх тры небяспечныя для чалавека.

Перыяд актыўнасці гэтых членістаногіх складае блізу 10 месяцаў - з лютага па лістапада. Як толькі тэмпература ўстанаўліваецца ад 0 да 5 градусаў цяпла, клешч становіцца актыўным. З пачатку 2025 года пасля ўкусу кляшчоў да медыкаў звярнуліся ўжо 17 чалавек. Цяпер кляшчы найбольш актыўныя ў Берасцейскай, Менскай, Магілёўскай і Віцебскай абласцях.

Кляшчы з'яўляюцца пераносчыкамі некалькіх небяспечных захворванняў, самыя распаўсюджаныя з якіх - клешчавы энцэфаліт і хвароба Лайма. Штогод у краіне ў сярэднім рэгіструецца больш за 2 тысячы выпадкаў хваробы Лайма і больш за 200 выпадкаў клешчавога энцэфаліту. Самы эфектыўны спосаб абароны ад энцэфаліту - гэта вакцынацыя. Дзве прышчэпкі з прамежкам на паўгода, пераконваюць лекары, здольныя абараніць і дарослага, і дзіця ад негатыўных наступстваў укусу. Усе неабходныя прэпараты ў краіне ёсць. Вакцыны ж ад хваробы Лайма не існуе. Так што калі вы маеце намер часта бавіць час на прыродзе, раім не забываць пра старыя добрыя штаны, чаравікі, доўгія рукавы і галаўныя ўборы.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках