У Літве каля мяжы з Беларуссю зніклі чацвёра амерыканскіх салдат
23- 26.03.2025, 19:50
- 18,380

Што вядома.
Чатыры амерыканскія вайскоўцы, якія бралі ўдзел у вучэннях у Літве, прапалі без вестак каля мяжы з Беларуссю. Пра гэта ў сераду, 26 сакавіка, паведаміла ў сацсетцы X пасольства ЗША ў Літве.
У паведамленні сказана, што вайскоўцы зніклі без вестак у Літве на тэрыторыі навучальнага палігона паблізу Пабрадзе. Пошукавая аперацыя праводзіцца сіламі войска ЗША, Узброеных сіл Літвы, літоўскіх праваахоўных органаў і іншых падраздзяленняў.
Таксама вядома, што зніклыя салдаты - з 1-й брыгады 3-й пяхотнай дывізіі. Яны выконвалі запланаваныя тактычныя вучэнні.
У той жа час Узброеныя сілы Літвы заяўлялі аб знікненні гусенічнага транспарту падчас вучэнняў, піша літоўскае выданне LRT. Журналісты са спасылкай на крыніцы адзначылі, што магчыма, амерыканскія вайскоўцы маглі загінуць, але афіцыйна гэтая інфармацыя пакуль не пацверджаная.
Крыніцы LRT паведамляюць, што салдаты, магчыма, перасоўваліся гусенічнай выратавальнай машынай M88.