Беларусы ў суботу змогуць убачыць першае сонечнае зацьменне сёлета
- 26.03.2025, 20:06
- 3,324

Яно пачнецца аб 11.50.
29 сакавіка з тэрыторыі Беларусі можна будзе назіраць сонечнае зацьменне.
Першае сонечнае зацьменне ў 2025 годзе адбудзецца ў бліжэйшую суботу 29 сакавіка. Паводле папярэдніх звестак, яно пачнецца аб 11.50, піка дасягне а 13.47, а закончыцца а 15.43.
Навукоўцы адзначаюць, што зацьменне будзе дастаткова працяглым і яго змогуць убачыць жыхары Беларусі. Астрафізікі распавядаюць, што зацьменне Сонца бывае толькі ў фазе маладзіка.
"Гэта вельмі кароткі перыяд, калі Месяц знаходзіцца на адной прамой паміж Зямлёй і Сонцам", – сказалі экспэрты.
Варта ўлічыць, што для бяспечнага назірання за сонечным зацьменнем, патрэбна спецыяльная абарона для вачэй.
Спецыялісты папярэджваюць, што нават пры поўным зацьменні сонечнае святло можа прывесці да апёку сятчаткі вачэй: "Трэба адзяваць акуляры, якія блакуюць УФ-прамяні, тыпу такіх, што надзяваюць зваршчыкі".