У Мірскім замку ўзнаўляюць «італійскі» сад XVIII стагоддзя
2- 28.03.2025, 18:01
- 2,064

Там з'явіцца аранжарэя з экзатычнымі раслінамі.
У паўночна-ўсходняй частцы замкавага комплексу Мір з'явіцца «італійскі» сад. На тэрыторыі плошчай 6 гектараў высадзяць больш за тысячу дрэў, абсталююць аранжарэю і паставяць скульптуры. Ацаніць канчатковы варыянт сада можна будзе праз пару гадоў, калі дрэвы падрастуць, піша hrodna.life.
Для стварэння саду высекуць дрэвы, але страту папоўняць у дзесяціразовым памеры
У Міры ўзнаўляюць «італійскі» сад менавіта XVIII стагоддзя, бо з таго перыяду захавалася найвялікшая колькасць архіўных дакументаў. З дапамогай іх архітэктары распрацоўвалі дэталёвы праект, які ўлічваў стылявыя асаблівасці эпохі. На распрацоўку праекта для навукоўцаў спатрэбілася дзесяць гадоў.


Работы па стварэнню сада вядуцца з нуля, адзначыў «Гродненской правде» дырэктар музея «Замкавы комплекс «Мір» Аляксандр Лойка.
- Было вывучана мноства дакументаў, праведзены аналіз ландшафту Мірскага замка, які мы маем сёння. Распрацаваны праект «італійскага» саду мы выставілі на абмеркаванне для жыхароў аграгарадка, каб яны маглі выказаць свае заўвагі ці прапановы. Так, напрыклад, многіх грамадзян хвалявала, што для адраджэння сада давядзецца ссекчы 134 дрэвы. Мы растлумачылі насельніцтву, што па выніку на тэрыторыі гарадскога пасёлка Мір мы высадзім 1340 дрэў. Гэта значыць, папоўнім страту ў дзесяціразовым памеры, - адзначае Лойка.
У садзе з'явяцца зялёныя загарадзі, скульптуры і аранжарэя.
Пры стварэнні саду спецыялісты будуць выконваць аўтэнтычную планіроўку. Так сад будзе размяшчацца прыступкамі, а яго паверхню падзеляць дыяганальнымі і прамымі дарожкамі. Таксама павінен з'явіцца вадаём і фантан з кветнікамі ці брукаванай пляцоўкай.
Яшчэ адзін адметны знак арыгінальнага «італійскага» саду - цурчанне вады. Мае значэнне і каляровая гама садовай зоны. Тут павінен пераважаць цёмна-зялёны колер раслін, які будзе гарманічна спалучацца з рознымі адценнямі каменя.
Лойка дадае, што згодна з праектам, уся тэрыторыя будучага саду будзе выдзяляцца з навакольнага ландшафту ліпавай шпалерай і дубляваннем яе загараддзю з глогу. Унутраную кампазіцыю сфармуюць з пладовых дрэў і кустоў, таксама будуць выкарыстаныя ўзрастаючыя па вышыні зялёныя загарадзі і насаджэнні. У садзе з'явіцца аранжарэя з экзатычнымі раслінамі, таксама ўсталююць скульптуры сучасных аўтараў.
Работы ў садзе плануюць скончыць у 2025 годзе.
Работы на тэрыторыі комплексу ўжо вядуцца. Спецыялісты ачышчаюць возера, фантанарый ужо ўсталяваны. Будаўнікі праводзяць камунікацыі. Пасля гэтага вакол «італійскага» саду ўсталююць агароджу, а ўжо ў канцы вясны працоўныя пачнуць добраўпарадкоўваць асноўную частку саду.
Работы плануюць скончыць сёлета. Але паўнавартасны выгляд сад набудзе толькі праз 3-4 гады, калі дрэвы і хмызнякі падрастуць.


Лавандавыя алеі і сотні рэдкіх дрэў: якім быў сад у Міры
Аўтэнтычны «італійскі» сад у Міры не захаваўся да нашых дзён. Гаспадар палаца, Мікалай Хрыстафор Радзівіл, надумаў пабудаваць яго, убачыўшы прыклад у Італіі і Усходнім Міжземнамор'і, калі здзяйсняў паломніцтва па Святой зямлі. Парк заклалі ў канцы XVI стагоддзя за мурамі замка.
З гадамі сад перабудоўвалі з выкарыстаннем розных стылявых прыёмаў і не аднойчы аднаўлялі з нуля. Напрыклад, у XVIII стагоддзі Мірскі замак быў цалкам спалены швэдамі. Тады адраджэннем сада займалася Ганна Катажына Радзівіл. Потым гэтую справу працягнуў яе старэйшы сын.
Згодна са знойдзеным інвентаром ад 1746 года, «італійскі» сад меў выразны геаметрычны малюнак і складаўся з 25 квадратаў. У ім раслі пладовыя дрэвы, гародніна, лекавыя травы. Усяго было высаджана амаль 400 рэдкіх дрэў. За садам размяшчаўся дом садоўніка, гаспадарчыя пабудовы, цяпліцы і агарод.
Ад самага замка да пабудоў зялёнымі сценамі выцягваліся алеі. Першая складалася з дрэў розных парод, у тым ліку ліп і канадскіх таполяў. Другую ўтваралі хмызнякі: парэчкі, агрэст і лаванда. Трэцяя алея была вішнёвай.
У 1830 годзе пракладзеная дарога на Стоўбцы адрэзала сад ад замка, што прывяло да яго паступовага згасання.