Грамадзянін Беларусі патрапіў у палон УСУ, праваяваўшы ўсяго тыдзень
12- 30.03.2025, 15:32
- 11,996

Ён сем разоў сядзеў за крадзяжы ў РФ.
Грамадзянін Беларусі Руслан Шуста здаўся ва ўкраінскі палон каля Тарэцка. Мужчына расказаў, што трапіў на фронт з расейскай зоны, дзе ён сёмы раз сядзеў за крадзяжы.
Відэа з палонным з'явілася ў тэлеграм-канале ўкраінскага журналіста Андрэя Цапліенкі. У роліку беларус называе сваё поўнае імя - Руслан Станіслававіч Шуста, а таксама дату нараджэння - 12 студзеня 1981 года.
Руслан распавядае пра немудрагелісты шлях, якім ён патрапіў на фронт:
«Сядзеў сем разоў за крадзяжы. З калоніі мяне забралі, прывезлі сюды. Спачатку ў Варонеж, потым у Растоў-на-Доне, потым у Шахты, Горлаўку. І з Горлаўкі мы патрапілі да нейкай вёскі ва Украіне».
Беларус удакладняе, што ён прыехаў «у бок Украіны» ўсяго сем дзён таму. Ваяваў Руслан у 103-м палку, нумар дывізіі не памятае. «Вёскай» ён называе ўкраінскі горад Тарэцк, за які зараз ідуць баі.
Са слоў Руслана, яго падраздзяленне атрымала задачу «дайсці да канца Тарэцка». Назад, кажа беларус, дарогі не было - там прыстрэлілі б свае, пра што і было сказана штурмавікам.