2 красавiка 2025, Серада, 5:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Чылі здымаюць маштабны дакументальны фільм пра беларуса Ігната Дамейку

4
У Чылі здымаюць маштабны дакументальны фільм пра беларуса Ігната Дамейку

Ужо выйшаў трэйлер.

У Чылі дакументаліст Эрык Беліда здымае фільм пра вялікага нараджэнца Беларусі Ігната Дамейку пад назвай «Ігнасіа Дамейка: жывая спадчына», паведамляе тэлеграм-канал «De facto. Беларуская навука».

Аўтар фільма хоча падрабязна расказаць пра невядомую спадчыну бацькі горнай справы Чылі і «без сумневу, ключавую фігуру ў інтэлектуальным развіцці Чылі ў XIX стагоддзі».

Шлях нараджэнца Беларусі (аўтары фільма называюць яго польска-чылійскім навукоўцам) будзе паказаны праз інтэрв'ю з вядомымі дзеячамі навукі і мастацтва, сярод іншага з прадстаўнікамі геалогіі, горнай справы, вулканалогіі, абароны карэнных народаў, а таксама касмічнай навукі.

Ужо выйшаў трэйлер дакументальнага фільма.

Прэм'ера карціны пройдзе ў канцы 2025 года.

Ігнат Дамейка (1802–1889) – беларускі навуковец-мінералог, удзельнік вызваленчага руху, рэктар Чылійскага ўніверсітэта і нацыянальны герой Чылі.

Нарадзіўся ў Навагрудскім павеце, вучыўся ў Віленскім універсітэце, дзе ўступіў у таемнае таварыства філаматаў. Пасля разгрому арганізацыі знаходзіўся пад наглядам, а ў 1830 годзе ўзяў удзел у паўстанні супраць Расейскай імперыі.

Пасля паразы паўстання Дамейка эміграваў у Францыю, скончыў там Парыжскую Горную школу. У 1838 годзе з'ехаў у Чылі, дзе выкладаў хімію і мінералогію, займаўся навуковымі даследаваннямі.

Ён рэфармаваў чылійскую адукацыю, адкрыў новыя радовішчы, вывучаў культуру індзейцаў мапучы.

У 1884 годзе вярнуўся ў Беларусь, наведаў родныя мясціны, дзе размаўляў з сялянамі на беларускай мове. Памёр у Сант'яга.

У Чылі Ігнат Дамейка быў прызнаны нацыянальным героем. У ягоны гонар названы мінерал, горны хрыбет, вуліцы, навучальныя ўстановы і музей на радзіме.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках